Аб харчовай бяспецы сёння кажуць на самых высокіх узроўнях. Хто зможа яе забяспечыць, той будзе заўсёды ў выйгрышы, асабліва на фоне крызісаў і канфліктаў, што бушуюць сёння.
Што тычыцца харчовай бяспекі ў Беларусі, то наша краіна паспяхова забяспечвае ўнутраны рынак і экспартуе свае харчовыя прадукты, атрымліваючы пры гэтым прыбытак на мільярды долараў. Мы ўваходзім у лідары краін па экспарце малочнай прадукцыі, у дзясятку – па мясе. Пастаўкі прадуктаў харчавання ажыццяўляюцца ў больш чым сто краін. Прычым пастаянна пашыраюцца асартымент і наменклатура гэтых тавараў.
Эфектыўная сельская гаспадарка рэспублікі – гэта зладжаная работа ўсіх беларусаў. Вялікія намаганні для забеспячэння харчовай бяспекі прыкладваюць аграрыі, у тым ліку і Івацэвіцкага раёна. Сабраны добры ўраджай зерневых і зернебабовых культур. Вядзецца плённая праца па ўборцы цукровых буракоў.
Тры гаспадаркі раёна – ААТ «Косава», «Новыя Стайкі», ДП э/б «Майск» – на 25 кастрычніка прыступілі да ўборкі цукровых буракоў, хутка пачнуць і астатнія.
Поўным ходам ідзе адгрузка буракоў на Івацэвіцкі буракапрыёмны пункт. Усяго на прыёмны пункт паступіла 22 674 тоны салодкіх караняплодаў. Больш за ўсіх даставіла цукровых буракоў ААТ «Новыя Стайкі» – 9 216 тон. Самая высокая сярэдняя ўраджайнасць на сённяшні дзень у ААТ «Косава» – 500 ц/га. Сярэдняя цукрыстасць па раёне складае 16,25 % пры норме – 16 %.
На 25 кастрычніка адгружана на Жабінкаўскі цукровы завод 129 вагонаў – гэта 6 450 тон караняплодаў. У дзень адгружаецца па шэсць вагонаў ці 300 тон буракоў. Работа кіпіць, кожны адказна выконвае свае абавязкі, а гэта значыць, галадаць не будзем. І чай будзем піць салодкі.
Падрыхтавала Таццяна Дылюк.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.