Участак «алімпійкі» працягласцю амаль 90 кіламетраў абслугоўвае філіял ДЭУ-23 РУП «Брэстаўтадар», якім кіруе Аляксандр Слясарчык. У цэлым жа дарожнікі гэтай арганізацыі абслугоўваюць у пяці раёнах Брэсцкай вобласці каля 363 кіламетраў аўтамабільных дарог рэспубліканскага значэння. У структуру філіяла ўваходзяць шэсць лінейна-дарожных дыстанцый.

– Абслугоўванне аўтадарогі М1/Е-30 Брэст–Мінск–мяжа Расійскай Федэрацыі – гэта высокая мера адказнасці: мы павінны забяспечыць належны тэхніка-эксплуатацыйны стан даверанага нам участка, а ён ў параўнанні з іншымі філіяламі РУП «Брэстаўтадар» самы працяглы, і бесперабойны рух усіх транспартных сродкаў па ім у любое надвор’е. Чысціня, парадак, бяспека і камфорт праезду дасягаюцца дзякуючы адказнай рабоце кожнага з 95 работнікаў прадпрыемства, – расказвае галоўны інжынер Ілья Цімашэвіч. – Сёлета для прадухілення ўтварэння ямачнасці, трэшчын, калейнасці зроблены бягучы рамонт на ўчастку «алімпійкі», які праходзіць праз Івацэвіцкі раён у брэсцкім кірунку. Практычна 10 кіламетраў асфальтабетоннага пакрыцця адноўлена, на днях зроблены апошнія штрыхі – нанесена адпаведная разметка.

Столькі ж кіламетраў адноўлена з укладкай ахоўных слаёў па тэхналогіі «Слары Сіл» на аўтадарозе Р-43 мяжа Расійскай Федэрацыі–Крычаў–Бабруйск–Івацэвічы. Па гэтай жа тэхналогіі зроблены рамонт на аўтадарозе Р-6 Івацэвічы–Пінск–Столін – каля двух кіламетраў каля Целяхан. Што тычыцца сацыяльна-эканамічных паказчыкаў, то яны выконваюцца, а за 9 месяцаў бягучага года перавысілі намечаны план. І гэта сведчыць аб тым, што ўсе работнікі адносяцца адказна да сваіх прафесійных абавязкаў. Тут штогод умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база, сёлета, да прыкладу, арганізацыя папоўніла свой парк двума магутнымі снегаачышчальнікамі на базе МАЗ-МАН, якія працуюць удвая эфектыўней.

У арганізацыі вельмі цэняць сваіх спецыялістаў, а таксама вядзецца пастаянная работа па забеспячэнні бяспечных умоў працы і паляпшэнні бытавых умоў работнікаў.
Падрыхтавала Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться