Участковы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Івацэвіцкага РАУС Аляксандр Чыжоў прыйшоў на службу ў 2017 годзе. У розныя гады ён працаваў на тэрыторыях Косаўскага горсавета, Мілейкаўскага і Квасевіцкага сельсаветаў, і заўсёды перад сабой гэты прыезджы пачынаючы міліцыянер ставіў задачу – як мага хутчэй пазнаёміцца з людзьмі, вяскоўцамі. Бо работа ўчастковага завязаная перш за ўсё на людзях і іх лёсах.

Аддзелам аховы правапарадку і прафілактыкі Івацэвіцкага РАУС кіруе зараз Яўген Анатольевіч Міхнюк, які таксама калісьці пачынаў з гарадскога ўчастка. На 19 гарадскіх і сельскіх участках сёння працуюць чатыры старшыя ўчастковыя інспектары і 12 участковых інспектараў. На кожным у сярэднім па 2-3 тысячы насельніцтва. Самыя вопытныя ўчастковыя – Сяргей Шчурко (служыць з 2004 года), Сяргей Давідовіч (з 2008 года) і Юрый Амяляшчык (працуе з 2009 года), а ў 2022 годзе ў каманду ўліўся малады ўчастковы Дзмітрый Лебедзь-Хоміч.

Задачы ўчастковага нязменныя многія гады: яны першыя рэагуюць на паведамленні, якія паступаюць на спецыяльную лінію 102, праводзяць работу па прафілактыцы злачыннасці, сямейна-бытавых канфліктаў, крадзяжоў, злачынстваў у адносінах да пажылых грамадзян, на аб’ектах транспарту. За імі таксама раскрыццё правапарушэнняў і некаторых злачынстваў. Гэта яшчэ не поўны пералік.

З настаўнікаў – у міліцыю
Мой суразмоўца Аляксандр Чыжоў ніколі і не думаў, што апынецца ў міліцыі і так хутка за заслугі атрымае званне капітана. Ідэю падкінуў сам лёс. Выпускнік БДУ па спецыяльнасці «навуковая фізіка» з жонкай і новароджанай дачушкай адправіўся на радзіму ў Маладзечна і адпрацаваў па размеркаванні неабходныя два гады ў мясцовай школе. Нечакана з запытам прыйсці на субяседванне яму пазванілі з Маладзечанскага РАУС. Але маладая сям’я прымае рашэнне аб пераездзе на радзіму жонкі ў Косава.

– Я хацеў стаць інспектарам па справах непаўналетніх, мне гэта было блізка, – расказвае Аляксандр Юр’евіч. – Але было месца ўчастковага, я згадзіўся і ў 2017 годзе прыехаў знаёміцца з жыхарамі Квасевіцкага сельсавета. З чаго пачынаць? Мне моцна дапамог вопытны ўчастковы з Косаўскага ўчастка Андрэй Мельнік. Мы разам адпрацоўвалі два ўчасткі першыя месяцы. Бонус для мяне і маё вясковае дзяцінства. Праблемы жыхароў вёскі былі мне блізкія і зразумелыя.

Пасля некаторы час мой герой працаваў у Мілейках, Косаве. Зараз жа ён адказвае адразу за два ўчасткі: гарадскі Косаўскі і сельскі Мілейкаўскі. Гэта каля 3 300 чалавек.

«У Косаве я ўжо свой»
Сотні праблемных сямей і дзясяткі адрасоў штодзень аб’язджае ўчастковы. Па 150 км за дзень, а то і па 300, калі бываюць рэйды, накручвае службовае аўто. І гэта не дзіўна, калі ад Альбы да той жа Булы шлях у 25 км. Бо, як адзначыў участковы, прасцей спрацаваць на прафілактыку, чым пасля разграбацца з вынікамі «геройства» некаторых асоб.

– Заўсёды самы вялікі фронт работ са злоўжываючымі асобамі. Цвярозы і пад градусам – гэта два розныя чалавекі. Тады цягне на подзвігі, хочацца сусветнай справядлівасці і багацця, чужога… Вось вам і скандалы, пабоі, крадзяжы.

– Як не расчаравацца ў людзях у такіх умовах? – пытаюся.
– Нельга ўсіх мераць адным аршынам. Я люблю свае ўчасткі і людзей сваіх ведаю ўсіх. Яны ў большасці добразычлівыя і звоняць мне як з бядой, так і з дабром. Бывала, увечары ты размаўляеш з чалавекам, які буяніць пад градусам, усё добра, ён абяцае ў доме цішыню і парадак. А зранку я бачу яго ў ізалятары, бо ён пырнуў сужыцельку нажом. Яна не дала выпіць чарговую шклянку. Ці калі ты дапамагаеш чалавеку працаўладкавацца ў мясцовае таварыства, бярэш за яго адказнасць перад кіраўніком. А ён запівае пасля першага працоўнага дня…

Але ёсць і пазітыўныя прыклады, так Аляксандр Чыжоў успомніў, як наладзілася сітуацыя ў адной з сямей, якая з-за дрэннай звычкі гаспадара амаль не распалася. Пасля пэўных размоў і папярэджанняў мужчына адумаўся. Ён не п’е ўжо паўтара года, працаўладкаваўся, у сям’і нарадзілася яшчэ адно дзіця.

Участковы падзяліўся, што вынікі ад такой індывідуальнай работы заўсёды бачныя, хапала б часу стукацца ў дзверы часцей.

Так, у 2021 годзе на двух участках Аляксандра Чыжова было здзейснена 12 злачынстваў, з іх раскрыты шэсць. На сённяшні дзень бягучага года – 11 злачынстваў, і 7 з іх ужо раскрытыя. Крайняя мера ўздзеяння на злоўжываючых асоб, якія рэгулярна парушаюць закон, – гэта асуджэнне ў ЛПП (за гэты год – 5 чалавек, сярэднеабласны паказчык – 2,18) ці ізаляцыя ў ЛПП (7 чалавек пры сярэднеабласным паказчыку 2,04).

«Вольны час – для сям’і, а фільмы пра міліцыю для мяне ўжо не такія цікавыя»
Аказваецца, участковы задзейнічаны ледзь ці не ва ўсім, нават калі на лінію 102 звоніць бабуля са скаргай на пясок, што ляжыць на праезнай частцы, участковы ўсё роўна абавязаны выехаць на месца. Прасіць дапамогі лепш, канечне, па профілі.

Участковы расследуе правапарушэнні, выязджае на рэйды, вядзе размовы з праблемнымі жыхарамі, адказвае за прывод у суд, супрацоўнічае са следчымі органамі, вядзе розныя віды ўліку, курыруе асоб, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі і многае іншае. Так, на некаторыя злачынствы ўчастковы выязджае сам, на больш цяжкія – у пары з аператыўным супрацоўнікам, на некаторыя – побач са следчымі. Заўважылі, што ва ўсіх ланцужках ёсць адно нязменнае звяно – участковы.

У гэтым, лічу, суперсіла кожнага ўчастковага – ён лепш за ўсіх ведае сваіх людзей, іх звычкі, жыццёвую гісторыю. Бывае, што той самы крадзеж раскрываецца літаральна за хвіліны дзякуючы выключным ведам участковага, які сваіх пазнае з тысячы, як у той песні.

Напярэдадні прафесійнага свята мой суразмоўца дзякуе старшым калегам за дапамогу і яшчэ раз падкрэслівае: людзям трэба верыць, але быць пільным і дзейнічаць згодна з законам.

Вольны час Аляксандр Чыжоў праводзіць з сям’ёй, дапамагае жонцы з дачкой і маленькім сынам. А фільмы пра міліцыю, тыя ж «Вуліцы разбітых ліхтароў», цяпер яму глядзець не так цікава, як у дзяцінстве. Бо калі ведаеш работу знутры, бачыш, дзе праўда, а дзе тут мастацкая выдумка, няма азарту. А жыццё і работа з людзьмі падкідвае і не такія сюжэты.

Поделиться
webvisor:true });