4 студзеня ў акушэрскім аддзяленні УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ» прынялі першынца 2023 года. Хлопчык вагой у 3400 г і ростам 50 см з’явіўся на свет у 12.05 гадзін.

Доўга ж мы чакалі добрай навіны ад нашых медыкаў! Дарэчы, работнікі аддзялення ўспаміналі, як некалькі гадоў таму акурат у навагоднюю ноч яны працавалі ў рэжыме нон-стоп і прынялі трое родаў. У гэтым годзе было спакойна.

І вось на днях хлопчыка нарадзіла медык Наталля Кот з Целяхан.
– Во які падарунак нашай сям’і на Раство! – казала маладая маці. – Я адчуваю сябе добра, сынок ужо са мной у палаце, а дома нас вельмі чакаюць тата Павел, старэйшыя брат Дзімка, яму чатыры гады, і двухгадовая сястрычка Маша. З імем для новага члена сям’і пакуль мы не вызначыліся, вось паглядзім усе на яго дома і зразумеем, як назваць такога прыгажуна!

Новаспечаная шматдзетная матуля расказала, што яны будуюць дом, цяпер тату Паўлу трэба будзе паскорыцца, бо сям’я расце.

Мы шчыра віншуем усю сям’ю і раздзяляем радасць з’яўлення на свет новага жыхара нашага раёна. Хлопчык ужо ўпісаў сябе ў гісторыю, як першынец года, няхай і надалей мы будзем чуць пра яго толькі добрае!
Наталля ГЕРБЕДЗЬ.

Поделиться
webvisor:true });