Зусім нядаўна Івацэвіцкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях атрымаў пажарную аўтацыстэрну. Гэта аўтамабіль, які абсталяваны помпай і ёмістасцю для вады ці пенаўтваральніка. У новай аўтацыстэрне, якая застанецца ў Івацэвічах, можна перавозіць да 5 тон вады, яна будзе выкарыстоўвацца для гэтых мэт, а таксама для дастаўкі выратавальнікаў на месца пажару.

Аўтацыстэрна коштам больш за 500 тыс. руб. айчыннай вытворчасці. Хадавая частка аўтамабіля – шасі МАЗа, астатнія камплектуючыя выраблены на СТАА «Завод сучаснай пажарнай тэхнікі». Па лініі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь аўтамабіль паступіў у Брэсцкае абласное ўпраўленне МНС, там прынялі рашэнне замяніць новай адзінкай тэхнікі спрацаваную аўтацыстэрну ў г. Івацэвічы. На аўтамабілі ўжо выязджалі на пажар у Косава.

– Аб’ём цыстэрны дастаткова вялікі, доўгі час выпускаліся аўтамабілі, якія перавозілі да 2,5 тоны вадкасці для тушэння агню. Але з-за абмежаванага пажарнага водазабеспячэння ў асобных населеных пунктах узнікла неабходнасць прывозіць як мага больш вады з сабой, і стала выпускацца тэхніка, якая дазваляе гэта рабіць, – расказвае начальнік Івацэвіцкага РАНС Сяргей НОВІК. – На сёння аўтацыстэрна-пяцітоннік ёсць яшчэ ў Быцені, у Косаве – цыстэрна-васьмітоннік, а ў Івацэвічах і Целяханах ёсць аўтамабілі, разлічаныя на дастаўку 10 тон вады. Звычайна на адным пажары задзейнічаны некалькі аўтацыстэрнаў.

Усяго ў аўтапарку райаддзела па надзвычайных сітуацыях 28 адзінак тэхнікі. Папярэдняе буйное паступленне – 30-метровая аўталесвіца коштам 492 тыс. руб., якую атрымалі ў канцы 2020 года. Яна дае магчымасць тушыць пажары на вышыні, на апошніх дзявятых паверхах самых высокіх жылых дамоў у Івацэвічах. Сітуацыя з надзвычайнымі сітуацыямі ў раёне прагназуемая і кантралюемая, падкрэслівае Сяргей Новік, і Івацэвіцкі РАНС мае ўсё неабходнае для супрацьстаяння стыхіі агню і аказання прафесійнай дапамогі пры іншых здарэннях.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ. Фота Паліны САУЦІНАЙ.

Поделиться
webvisor:true });