Ранак у сераду быў незвычайным, бо пачала я яго з маленькай добрай справы. І сітуацыя гэтая лажыцца на газетную паласу не ад жадання аўтара пахваліцца, а ад таго, што сітуацыі такой не павінна было быць у ідэале.
Па дарозе на работу каля пешаходнага пераходу па вуліцы 70 год Кастрычніка ўбачыла дзяўчынку гадоў дзесяці. Яна нясмела ступала на дарогу і зноў станавілася на тратуар. Ланцуг машын цягнуўся бясконца, і ўсе ігнаравалі юнага пешахода.
Бяру малую за руку, машыны спыніліся, і хутка мы з дзяўчынкай апынуліся на другім баку дарогі. Малая ўсміхнулася і падзякавала за дапамогу. Я пажадала ёй добрага вучэбнага дня, а ў галаве лунала думка, колькі б дзіця яшчэ так прастаяла? Скардзіліся некалі і ў рэдакцыю на тое, што вадзіцелі быццам не заўважаюць школьнікаў і імчаць на работу, не спыняючыся каля пешаходных пераходаў.
Так, дарослы можа запісаць нумар і паскардзіцца ў РАУС, тады вадзіцеля прыцягнуць да адказнасці, а дзіця і так у школу паспее… Так атрымліваецца? Пра гэтую праблему ведаюць і нашы супрацоўнікі АДАІ, на нумар 102 паступаюць званкі ад пакрыўджаных пешаходаў, звяртаюцца і бацькі школьнікаў. Як адзначыў старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Дзмітрый Юдзік, у мінулым годзе было зафіксавана 374 факты непрадстаўлення перавагі пешаходам, за студзень – люты бягучага года ўжо да 20 такіх фактаў. У вясенне-летні сезон, калі на вуліцах з’яўляецца больш дзяцей, у тым ліку юных веласіпедыстаў, а рух становіцца вельмі ажыўленым, не лішнім будзе нагадаць вадзіцелям пра адказнасць за парушэнне ПДР.
За непрадстаўленне перавагі пешаходам вадзіцель можа атрымаць штраф ад 1 да 5 базавых велічынь, і ад 2 да 8 базавых – за паўторнае парушэнне на працягу года. Тут і сумы немалыя, і ўвогуле вельмі высокая рызыка. Нагадаем, што ў студзені 2022 года аварыя акурат на пешаходным пераходзе скончылася смерцю пешахода.
Нават калі вы моцна спяшаецеся на работу, успомніце лішні раз, што дзяцей таксама кліча за парты школьны званок. Будзьце больш уважлівымі да самых маленькіх удзельнікаў дарожнага руху!
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.