Close
Главная новость Новости Общество

29 кастрычніка – Дзень заснавання службы аховы МУС

29 кастрычніка – Дзень заснавання службы аховы МУС
  • Опубликовано:29 октября, 2023

У 2021 годзе будучы міліцыянер узвода міліцыі Івацэвіцкага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь Аляксей Мазалеўскі нават і не задумаўся адразу, што ў нейкім родзе працягвае дынастыю ў сям’і. З гонарам насіў пагоны раней дзядуля Вячаслаў Уладзіміравіч, капітан запасу, які ў савецкія часы нёс службу ў войсках сувязі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Пасля заканчэння Мінскага індустрыяльна-педагагічнага каледжа юнак з любімай, але шумнай сталіцы вярнуўся ў райцэнтр. Работа па спецыяльнасці турагента-экскурсавода майго героя не вабіла, і ён падаўся ў ахову.

Пасля праходжання медкамісіі і псіхалагічных тэстаў, як і ўсе кандыдаты, Аляксей больш за тры месяцы правёў у вучэбным цэнтры, а ўжо пасля ўліўся ў дружны і даволі малады калектыў Івацэвіцкага аддзялення Дэпартамента аховы. Зараз у горадзе служаць усяго шасцёра міліцыянераў узвода міліцыі і чацвёра з іх – моладзь. На радзе са спецыяльнымі нарадамі міліцыі ў складзе міліцыянера-вадзіцеля і міліцыянера-кінолага, якія курсіруюць па горадзе і правяраюць аб’екты, міліцыянеры ўзвода міліцыі служаць на пастах у будынках райвыканкама, раённага суда, банкаў, падатковай службы. У дзень бяседы Аляксей Мазалеўскі дзяжурыў у будынку Івацэвіцкага райвыканкама, за ім – забеспячэнне прапускнога рэжыму, ахова грамадскага парадку і бяспекі. Сказаць, што аб’ект важны – не сказаць нічога. За дзень у розныя службы наведваюцца дзясяткі чалавек, Аляксей Мазалеўскі цікавіцца, куды і па якіх пытаннях ідуць людзі, вядзе журнал уліку наведвальнікаў, пры неабходнасці праводзіць дагляд асабістых рэчаў металашукальнікам.
– Звярнула ўвагу, Вы яшчэ падказваеце, як зручней прайсці ў кабінет і графік работы спецыялістаў ведаеце?..
– А гэта ўжо дадатковая функцыя, – смяецца малады міліцыянер. – Мне толькі ў радасць дапамагчы чалавеку яшчэ і інфармацыйна, калі я сам у тэме, так скажам. Я ўвогуле стаўлюся да людзей з павагай і разуменнем, зрэдку сутыкаюся з агрэсіяй, часцей людзі з разуменнем ставяцца да маіх пытанняў і просьбаў. Дзень я пачынаю з абходу будынка і навакольнай тэрыторыі, гляджу, каб не было чужых асоб і падазронай паклажы. Тут, у райвыканкаме, дзяжуру з 9.00 да 18.00, на астатніх аб’ектах – у залежнасці ад рэжыму іх работы.
– Што дапамагае ў рабоце? Бачу, на маніторы калідоры будынка і двор?
– Так, відэакамеры значна спрашчаюць лёс міліцыянерам, прычым не толькі ў сувязі з парушэннямі. Аднойчы давялося вызываць «хуткую» чалавеку, які патрапіў у аб’ектыў відэакамер, яму стала дрэнна. У мяне, канечне, ёсць пісталет, рацыя, металашукальнік. Ёсць сістэма, якая трымае ў тонусе і мяне – гэта прылада кантролю персаналу. Вось зараз раздаўся сігнал, і ў мяне 5 мінут, каб прыкласці чып, інакш сюды наведаецца экіпіраваны экіпаж маіх калег. Па-першае, пракантраляваць супрацоўніка, па-другое, каб выключыць магчымае нападзенне на яго, бывала, што нашы нарады ратавалі жыццё вартаўнікам, якія дрэнна сябе адчувалі…Такую сістэму Дэпартамент аховы можа ўстанавіць у любой арганізацыі па жаданні кіраўніцтва.

У шчырай размове малады міліцыянер прызнаўся, што работа яму падабаецца, ты робіш адказную справу, пры гэтым працуеш з людзьмі, і хто б мог падумаць, яшчэ і творчым здольнасцям тут можна знайсці прымяненне! Другі год запар выпускнік школы мастацтваў па класе фартэпіяна выйграе абласны этап агляду-конкурсу мастацкай самадзейнасці ў розных намінацыях. У мінулым годзе была перамога і на рэспубліканскім этапе ў намінацыі «Інструментальнае выкананне», а сёлета Аляксей рыхтуецца да выступлення ў Мінску як вакаліст. Песня пра Беларусь проста павінна пакарыць журы, мы будзем чакаць ад таленавітага юнака добрых навін. А пакуль скажам яшчэ, што Аляксей па жыцці актыўны чалавек, ён цікавіцца хакеем, выхадныя часцей разбаўляе паездкамі па цікавых мясцінах Беларусі, а яшчэ ў свой 21 год юнак наведаў ужо 11 краін! За падораны жыццёвы аптымізм, любоў да творчасці і да любой пачатай справы Аляксей Мазалеўскі дзякуе сваім шматдзетным бацькам Вячаславу Аляксеевічу і Вользе Вячаславаўне. А за дапамогу падчас першых крокаў у прафесію сяржант міліцыі ўдзячны старшым калегам і віншуе іх з надыходзячым прафесійным святам!

Новыя тэхналогіі дапамагаюць у ахове 274 аб’ектаў

На сённяшні дзень Івацэвіцкае аддзяленне Дэпартамента аховы трымае пад надзейным наглядам ад магчымых злачынцаў 274 памяшканні, з іх 126 – гэта кватэры. «Ставяць» на ахову ў нашым раёне таксама гаражы, падвалы, сейфы паляўнічых… Дарэчы, у бягучым годзе нашы прафесійныя ахоўнікі сталі абслугоўваць і сельскую мясцовасць у радыусе да 10 км ад райцэнтра. Калі ў тых жа Стайках і Яглевічах і раней карысталіся падобнымі паслугамі, то жыхары Гошчава, Любішчыц ці Падстарыні толькі зараз адчулі плюсы жыцця пад аховай. Толькі замест сямі мінут на прыбыццё, як у горадзе, тут даецца дзесяць.

У апошнія гады на «ўзбраенні» супрацоўнікаў аховы з’явіліся планшэты са спецыяльнай праграмай, яна працуе як навігатар – паказвае карацейшы шлях да аб’екта, ёсць тут фота аб’екта, і як універсальны ключ для адкрыцця дзвярэй пад’езда. Заказчык загадзя прыносіць свой чып, ён сканіруецца, і пасля ў выніку спрацоўкі сігналізацыі міліцыянеры хутка і без перашкод могуць папасці ў неабходную кватэру. У сітуацыі, калі кожная секунда можа быць на ліку, гэта важкі плюс. Што будзе далей, спытаецеся? Спецыяльны нарад міліцыі наведае ваша жыллё і запатрабуе паказаць дакумент з рэгістрацыяй па ўказаным адрасе, а яшчэ абавязкова абследуе кватэру, бо сказаць, што ўсё ў парадку, вас могуць вымусіць злачынцы пад страхам далейшай расправы.
Вопытны камандзір узвода міліцыі Дзмітрый Красікаў адзначае, што злачынцы, як правіла, нават не пытаюцца пранікнуць у памяшканні, якія знаходзяцца пад аховай, вось і ў гэтым годзе такіх выпадкаў не было. Многія, на жаль, звяртаюцца ў Дэпартамент аховы ўжо пад страхам паўтарэння крадзяжу…
Акрамя бесперапыннага кантролю аб’ектаў, нарады міліцыі таксама выязджаюць на вызавы, што паступаюць на лінію 102. За 9 месяцаў бягучага года было 145 выездаў, 33 – на злачынствы, 32 – на сямейна-бытавыя правапарушэнні і 67 выездаў для спынення адміністрацыйных правапарушэнняў. Менавіта спецыяльныя нарады міліцыі Івацэвіцкага аддзялення Дэпартамента аховы ў жніўні затрымлівалі мужчыну, які нецвярозым пагражаў нажом жонцы, і махляра, які, назваўшыся міліцыянерам, узяў у пенсіянеркі тысячы долараў для станоўчага вырашэння пытання, няпростым было і затрыманне мужчыны, які здзейсніў злачынства сексуальнага характару ў адносінах да непаўналетніх. На падобных выездах ніколі не ведаеш, чаго чакаць ад злачынцы, але міліцыянеры рызыкуюць сабой, каб надалей стаяць на ахове законнасці ў краіне, жыцця і захавання маёмасці грамадзян.

Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.