Close
Земляки Новости СЕМЬЯ С ИСТОРИЕЙ

60 гадоў у любові і згодзе

60 гадоў у любові і згодзе
  • Опубликовано:19 января, 2026

Брыльянтавае вяселле адзначаюць Марыя і Мікалай Агрэнічы з в. Глінная

Хуткаплынная рака часу няўмольна бяжыць, дні змяняюць ночы, вёсны – зімы, гады – месяцы. Так жа хутка праляцелі для Марыі і Мікалая Агрэнічаў з в. Глінная 60 гадоў, сумесна пражытых у міры і згодзе, горы і радасці, паўсядзённых клопатах і шчырай, напружанай працы.

19 студзеня сямейная пара адзначыць брыльянтавае вяселле. У сучасных рэаліях такая падзея заслугоўвае асаблівай увагі да людзей, якія столькі часу захоўваюць любоў і павагу адзін да аднаго і з’яўляюцца прыкладам сямейных узаемаадносін для дзяцей, а іх у Агрэнічаў чацвёра, пяцёра ўнукаў ды і, напэўна, для ўсіх, хто іх ведае.

Лёс не песціў абодвух, і гэта не дзіўна, улічваючы час, у які нарадзіліся героі публікацыі.

Мікалаю Захаравічу 85 гадоў. Падзей Вялікай Айчыннай ён не памятае па прычыне свайго ўзросту, як і не помніць свайго бацьку, што так з той страшнай вайны і не вярнуўся. І хоць закідваў яго лёс з роднай Гліннай далёка на прасторы неабсяжнага СССР, заўсёды цягнула дадому.

– У 16 гадоў паехаў на заробкі, – успамінае Мікалай Агрэніч. – Цяжка было маці адной нас чацвярых гадаваць, таму і адправіўся я ў Палтаву хлеб убіраць, каб зарабіць на сям’ю, у якой акрамя мяне было яшчэ трое дзяцей.

З першай сваёй паездкі юнак прывёз тону пшаніцы, а каб пераправіць дадому такое багацце, яму і іншым землякам, што працавалі разам, нават транспарт выдзелілі.

У наступныя паездкі ўдалося няблага зарабіць грошай, на іх Мікалай купіў цэглу для будаўніцтва новага дома, а там хлопца забралі ў армію, у далёкі Краснаярскі край адправіўся служыць Айчыне. Пакуль служыў, маці з людской дапамогай і дом пабудавала. Той самы дом, дзе і сёння жыве Мікалай Захаравіч са сваёй другой паловай.

Дзяцінства Марыі Андрэеўны, як і ўсё жыццё, таксама прайшло ў Гліннай. Не сказаць, што яно было бесклапотным, але ўсё ж куды лягчэйшым, чым у яе мужа, бо яно прыпала ўжо на пасляваенныя гады.

– Бацька быў калгасным брыгадзірам, часта адпраўляўся ў камандзіроўкі ў Мінск або ў Маскву, а адтуль прывозіў адрэзы тканін нам на сукенкі. У сям’і нашай былі адны дзяўчаты, – дзеліцца Марыя Андрэеўна.

З розніцай ва ўзросце ў сем гадоў аднавяскоўцы Марыя і Мікалай няшмат ведалі адзін пра аднаго, бо пакуль хлопец служыў у арміі, яна яшчэ мела дзіцячыя інтарэсы. Але, напэўна, жыццё наша
складваецца такім чынам, што ўсяму прыходзіць свой час.

– Некалі па вечарах моладзь часта збіралася ў каго-небудзь у хаце, дзяўчаты пралі, вязалі ці вышывалі, а хлопцы забаўлялі нас гамонкай, – працягвае размову субяседніца.

18-гадовая дзяўчына тады і не звяртала асаблівай увагі на статнага хлопца, які вельмі неспадзявана для яе аднойчы падчас вяртання з вячорак, ідучы поруч па вясковай вуліцы, раптам спытаў: «Пойдзеш за мяне?»

«Калі пазавеш, то пайду!» – не разгубілася тады Марыя, і такі адказ Мікалай Агрэніч прыняў як згоду. Ужо на наступны дзень, якраз на Вадохрышча, хлопец прыехаў па абранніцу, і тая, не раздумваючы, адправілася разам з ім у Коланскі сельсавет, каб зарэгістраваць шлюб.

– Калі рашыла ісці замуж, то каб дадому са слязьмі ніколі не прыхо-
дзіла – такі наказ дала мне маці, калі пачула, што мы маем намер ехаць у сельсавет. І гэтыя словы я трымала ў сваёй памяці заўжды. Таму ніколі мама не ведала ні пра адну спрэчку, якая ўзнікала паміж намі, – працягвае аповед Марыя Агрэніч.

А потым у гутарцы жанчына прызнаецца, што насамрэч нагод для спрэчак у іх сумесным жыцці было вельмі і вельмі мала. І таму знаходзіць прычыны.

– Калі бачу, што наспявае спрэчка, моўчкі сыходжу і адразу займаюся якой-небудзь справай, ніколі не даю «агню» разгарэцца, – дзеліцца жыццёвай мудрасцю жанчына.

А яшчэ дадае, што і спадарожнік жыцця яе не схільны да сварак, што цэніць яна яго за дабрыню характару, спагадлівасць і працавітасць.

У працы прайшло ўсё іх жыццё. У мясцовым калгасе імя Мічурына Марыя Андрэеўна шчыравала даяркай, была ўдарніцай працы, а яшчэ некалькі разоў выбіралася дэпутатам мясцовага Савета дэпутатаў. Мікалай Захаравіч таксама працаваў на карысць сельгаспрадпрыемства, ён быў жывёлаводам.

А ці варта нават пералічваць, колькі фізічных сіл адбіраў быт і ўласная вялікая гаспадарка, у якой былі куры, свінні, дзве каровы і конь.

– Аднаго сена патрэбна было колькі назапасіць. Уручную касілі, затым сушылі, граблі, канём звозілі. Усе навакольныя канавы некалі абкошваў. Не тое што зараз, гатовага можна купіць, – разважае Мікалай Захаравіч.

І хоць сёння ўжо няма такой патрэбы рабіць ад світанку да змяркання, любоў да працы гэтая, што ў крыві, што перадалася і дзецям Агрэнічаў у спадчыну, сядзець склаўшы  рукі не дазваляе.

– Іншы раз кажу Марыі – адпачні, хопіць, навошта яно табе. Дык яна ж як камбайн той, не спыніць! І ноччу ідзе ды нешта робіць, – з усмешкай кажа гаспадар.

Сёння хлявы, што на іх падворку, ужо пустуюць. Як з жартам адзначаюць Агрэнічы, у хатняй гаспадарцы – толькі курачкі, кот ды сабака. І не толькі таму, што фізічная праца стала не пад сілу, а таму, што, як адзначаюць абодва, жыць стала прасцей і значна лепш – усё можна набыць у магазіне на дзве дастойныя пенсійныя выплаты, што зарабілі сумленнай і стараннай працай.

Падчас размовы з брыльянтавымі юбілярамі былі нагоды і ад душы ўсміхнуцца, і па-чалавечы паспачуваць, бо за шэсць дзесяцігоддзяў іх сям’і давялося шмат чаго перажыць, былі радасныя дні, але і не абмінала гора, асабліва цяжка прыйшлося прыняць страту сына. Перажылі Агрэнічы і страшэнны пажар, які пазбавіў іх даху над галавой. Трагедыя, прычынай якой стала кароткае замыканне праводкі, здарылася на зыходзе лета ў 1996 годзе. Ад дома засталіся толькі цагляныя сцены, выгарэла і ўсё дабро, што здабывалі гадамі сваім мазалём. Аднак у бядзе сям’я не засталася сам-насам, хто чым мог, дапамагалі аднавяскоўцы і моцнае плячо падставіў калгас.

– Кіраўніком тады быў Мікалай Брыч, ён выдзеліў нам лес і будаўнічую брыгаду, таму да халадоў управіліся аднавіць дом, – успамінае Мікалай Захаравіч.

Глядзіш на гэтую паважаную сямейную пару і разумееш: вось яно, простае людское жыццё, у якім так важна не толькі знайсці сабе другую палову, але ўвесь час мець мудрасць, цярпенне, узаемапавагу, каб крочыць разам рука аб руку, душа да душы, нягледзячы ні на якія штармавыя хвалі, што парой узнімаюць сямейную лодку.

Асаблівы сімвалізм мае і назва юбілейнай гадавіны сумеснага жыцця, якую сустракаюць Агрэнічы. Бо іх жыццё, нібы брыльянт, шліфавалася клопатамі, выпрабоўвалася цяжкасцямі і ззяе сёння непаўторным святлом мудрасці, разумення і любові. Віншаванні юбіляры будуць прымаць са сталіцы, ад сям’і сына Сяргея і дачкі Наталлі, і з далёкага Полацка, дзе жыве сям’я дачкі Вольгі, а старэйшая Ала павіншуе бацькоў у гэты дзень, завітаўшы ў родную хату, бо жыве побач, у Амяльной.

А найлепшым падарункам крыху пазней стане прыезд самых дарагіх людзей – дзяцей і ўнукаў. Менавіта яны – галоўны скарб, які нажылі Марыя Андрэеўна і Мікалай Захаравіч за доўгія гады сумеснага жыцця. У іх – працяг роду, надзея на будучыню і адчуванне, што жыццё пражыта недарма.

Аксана ЦЯРЭШКА.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.