80 юбілейных гадоў – 80 дрэў

Столькі высадзілі падчас суботніка ў парку Народнага адзінства
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас рэспубліканскага суботніка 12 красавіка наведаў пляцоўку будаўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музея і парку Народнага адзінства ў Мінску.
Кіраўніку дзяржавы далажылі аб праведзенай рабоце па праектаванні і пачатку будаўніцтва парку і музея. Прэзідэнт звярнуў увагу, што пры ўзвядзенні аб’ектаў і здачы іх у эксплуатацыю падыходы былі комплекснымі, а матэрыялы выкарыстоўваліся айчынныя. На гэта старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў адказаў, што перавагу, безумоўна, аддаюць беларускаму, а імпартнае практычна не выкарыстоўваецца. Прычым айчынныя не толькі матэрыялы, але і тэхналогіі. Так, плануецца будаўніцтва падземнага перахода цераз вуліцу Арлоўскую ад парку і музея да плошчы Дзяржаўнага сцяга без перакрыцця ажыўленай гарадской дарогі, а па тыпе метро. Такую перадавую тэхналогію беларускія спецыялісты асвоілі, калі будаваўся пераход каля гандлёвага цэнтра «Першы нацыянальны гандлёвы дом». І Кіраўнік дзяржавы даручаў распаўсюдзіць яе па ўсёй краіне.
На месцы будаўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музея і парку Народнага адзінства Аляксандр Лукашэнка заклаў капсулу з пасланнем будучым пакаленням. Прадстаўнікі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі перадалі яму капсулу з пасланнем. Ва ўрачыстай абстаноўцы Кіраўнік дзяржавы заклаў яе ў камень.
Пасля чаго Прэзідэнт разам з брыгадамі студэнцкай моладзі высадзіў алею з 80 дрэў, якія сімвалізуюць 80 юбілейных гадоў, што мінулі з Дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Былі высаджаны саджанцы чырваналістага дуба, якім каля 12 гадоў.
Будаўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі вядзецца ў раёне вул. Арлоўскай на тэрыторыі былога парку «Дрымлэнд». Ужо завершана распрацоўка праектнай дакументацыі і ў лютым гэтага года пачаты будаўніча-мантажныя работы. На гэты момант выканана падрыхтоўка катлавана, вядзецца забіўка буранабіўных паляў пад уладкаванне фундамента. У будаўніцтве музея таксама прымаюць удзел студэнцкія атрады. Вакол Нацыянальнага гістарычнага музея ў межах пр. Пераможцаў – вул. Арлоўская – рака Свіслач будзе разбіты парк Народнага адзінства. Будаўніча-мантажныя работы пачаліся ў кастрычніку 2024 года.
Таксама на тэрыторыі парку запланаваны экспазіцыйныя пляцоўкі абласных цэнтраў і Мінска, пешаходныя дарогі для фарміравання ганаровай алеі, дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі з гульнявым і спартыўным абсталяваннем, тэрыторыі для ціхага адпачынку з альтанкамі і арэлямі, добраўпарадкаванне існуючага вадаёма, рамонт агароджы тэрыторыі парку з уладкаваннем дадатковай агароджы, рэканструкцыя адміністрацыйна-гаспадарчага будынка, трансфарматарнай падстанцыі.
Па матэрыялах БелТА.