Close
Год благоустройства Молодёжь Новости

Падарунак да вяселля – наваселле!

Падарунак да вяселля – наваселле!
  • Опубликовано:9 августа, 2025

Малады спецыяліст ААТ «Святая Воля» Віталій Абрамчук і яго выбранніца Марыя Лярко атрымалі ключы ад новага дома.

Прыцягненне і замацаванне маладых кадраў у сельскую мясцовасць, стварэнне камфортных умоў для працы і жыцця – задачы, якія ставіць Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка перад кіраўнікамі прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый. Яскравы прыклад граматнага вырашэння такіх задач – ААТ «Святая Воля». Штогод тут узводзяць або рэканструююць камфартабельнае жыллё з усімі выгодамі і камунікацыямі для работнікаў сельгаспрадпрыемства, а асаблівую ўвагу надзяляюць маладым кадрам.

На сёння ў гаспадарцы працуе восем чалавек, якія маюць статус маладога спецыяліста. Усе яны забяспечаны жыллём, дастойнай заработнай платай і гарантаваным сацыяльным пакетам. Адзінокім – пакой у інтэрнаце, сямейным – дом.

– Наша моладзь – гэта залаты запас, гэта наша надзея на будучыню. Калі спецыяліст стварае сям’ю і мы бачым, што ён старанны, не баіцца сельскай працы, тады выдзяляем дом, – адзначае дырэктар ААТ «Святая Воля» Уладзімір Любушак.

7 жніўня з асаблівым задавальненнем кіраўнік гаспадаркі перадаў ключы ад новага драўлянага дома ў в. Вялікая Гаць аграному-хіміку Віталію Абрамчуку. Малады спецыяліст атрымаў свае квадратныя метры напярэдадні вяселля, якое адбудзецца ўжо хутка – 23 жніўня. Пагадзіцеся, найлепшага падарунка для маладой сям’і і не прыдумаеш.

Ідэнтычны дом па суседстве яшчэ чакае сваіх гаспадароў, імі, па словах Уладзіміра Рыгоравіча, стане таксама адна з маладых сямей.

Два домакамплекты з бруса сасны сельгаспрадпрыемству рэалізавалі Драгічынскі і Лунінецкі лясгасы. Будаўнічыя работы ад фундамента да зборкі бруса, даху і ўнутранай аддзелкі вяліся сіламі ПМК-18 каля года. Балансавы кошт аднаго дома складае крыху больш за 361 тысячу рублёў, з іх 100 тысяч выдзелена дзяржавай па льготным крэдыце, астатняя сума – сродкі ААТ «Святая Воля». І калі раней гаспадарка ўзводзіла толькі дамы з цэглы, то драўляныя дамакамплекты сёлета сталі першым вопытам у будаўніцтве.

Новыя дамы забяспечаны газавым ацяпленнем і цэнтральным водазабеспячэннем. Каб зэканоміць сродкі, работы па добраўпарадкаванні прыдамавой тэрыторыі вяліся работнікамі гаспадаркі. Як паабяцаў Уладзімір Любушак, да вяселля Віталія і Марыі тут паспеюць усталяваць плот з металапрофілю і нават узвесці ў двары гараж.

Перадаючы ключы ад новага дома, кіраўнік гаспадаркі падзякаваў Віталію Абрамчуку за шчырую працу і выказаў спадзяванні, што маладая сям’я тут надзейна пусціць карані. Навасёлы, як і прынята па традыцыі, першым на новую жылплошчу пусцілі хатняга гадаванца – кошачку. Пераступіць парог утульнай хаты, якая так прывабна пахне новым дрэвам, пашчасціла карэспандэнтам «ІВ». Тры жылыя пакоі, прасторная кухня, санвузел і кацельня – новы дом плошчай 93 м2 хутка заселяць маладажоны, некаторую бытавую тэхніку яны ўжо паспелі сюды завезці.

Віталій родам з в. Краі. Хлопец спачатку скончыў Пружанскі аграрны каледж, затым атрымаў вышэйшую адукацыю ў Гродзенскім аграрным універсітэце. У «Святую Волю» трапіў па мэтавым накіраванні, якое выдалі ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама. Адслужыў у арміі, дзе яму прапаноўвалі застацца працаваць па кантракце, аднак сельскі ўклад жыцця яму бліжэй, таму вырашыў займацца тым, чаму вучыўся і што па душы.

Малады аграном-хімік задаволены, што яму пашчасціла трапіць у адну з лепшых гаспадарак раёна, ён удзячны, што кіраўніцтва цэніць маладыя кадры, давярае такую адказную пасаду, выдзеліла рабочы аўтамабіль, а цяпер ужо і дом, і, у сваю чаргу, абяцае не падвесці.

А вось яго выбранніца Марыя нарадзілася і вырасла ў далёкай Оршы. Дзяўчына зараз перайшла на чацвёрты курс Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, яна атрымлівае адукацыю педагога сацыяльнага і марыць, што ёй праз год знойдзецца працоўнае месца ў Вялікагацкай або Святавольскай школе.

Лёсы маладых людзей аб’яднаў Інтэрнэт, віртуальныя зносіны перайшлі ў рэальныя і выліліся ў каханне. На пытанне, ці не пужае жыццё на вёсцы гарадскую дзяўчыну, Марыя з усмешкай адказала:

– Ведаеце, мне падабаюцца вясковыя людзі, яны, як мне здаецца, больш шчырыя і дабрэйшыя, чым гараджане. Мы вельмі задаволены, што атрымалі дом, у якім будзем гаспадарамі. Дзякуем за гэта кіраўніцтву гаспадаркі!

Маладым і перспектыўным працаўнікам у ААТ «Святая Воля» рады. Усе ўмовы прадстаўлены, цяпер жа справа за імі – працаваць на сумленне, павышаючы дабрабыт гаспадаркі. А стымул для добрай працы ёсць: калі ў гаспадарцы працуе два чалавекі з сям’і, то праз 10 гадоў яны ў праве выкупіць дом ва ўласнасць, калі працуе адзін чалавек – то каб рэалізаваць гэтае права, стаж у гаспадарцы павінен быць не менш за 15 гадоў.

Выконваць пастаўленыя задачы па добраўпарадкаванні ААТ «Святая Воля» ўдаецца дзякуючы падрадным арганізацыям, якія ўжо многа гадоў дапамагаюць ажыццяўляць планы па будаўніцтве.

– Напярэдадні Дня будаўніка ад імя калектыву ААТ «Святая Воля» хачу павіншаваць з прафесійным святам дырэктара ПМК-18 Юрыя Мінчука і дырэктара ПМК-11 Леаніда Снарскага, дырэктара УКБ Івацэвіцкага раёна Сяргея Саванчука, а ў іх асобе і працоўныя калектывы будаўнічых арганізацый і сказаць вялікае дзякуй за іх работу: за будаўніцтва дамоў, жывёлагадоўчых комплексаў і іншых аб’ектаў. Моцнага ўсім здароўя! Няхай аб’ёмы будоўлі толькі растуць, каб нашы населеныя пункты былі яшчэ больш сучаснымі і прыгажэлі, – адзначыў Уладзімір Любушак.

На наступны год у планах ААТ «Святая Воля» будаўніцтва яшчэ двух аднакватэрных дамоў, пад дахам якіх, будзем спадзявацца, паселіцца новае сямейнае шчасце.

Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.