Асаблівая дата для сям’і і краіны

Сёння краіна ў пяты, юбілейны, раз адзначае важнае дзяржаўнае свята, а наш юны зямляк Марк Горбач святкуе чацвёрты дзень нараджэння! Вось такая магія лічбаў, Марку было наканавана з’явіцца на свет у асаблівы дзень для нашай дзяржавы – у першы Дзень народнага адзінства.
Летапіс самага маладога дзяржаўнага свята пачаўся з падпісання Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 7 чэрвеня 2021 года адпаведнага Указа. Свята прымеркавана да адной са значных падзей у гісторыі Беларусі – уз’яднання ў 1939 годзе Заходняй Беларусі і БССР. 17 верасня стала сімвалам аднаўлення гістарычнай справядлівасці ў адносінах да беларускага народа. Свята яднае людзей і эпохі, сімвалізуе згуртаванасць беларускага народа.
Для героя нашай публікацыі, юнага грамадзяніна краіны Марка Горбача пакуль гэта цяжкія словы і паняцці, але ўжо сёння ён адчувае мір і спакой, жыве ў вялікай сям’і, пад сваім дахам, наведвае дзіцячы садок і чакае цуда на свой чацвёрты дзень нараджэння ў многім дзякуючы таму, што ў нашай краіне міру і спакою, захаванню гістарычнай памяці заўсёды надавалі асаблівы сэнс…
Бацькі Марка – Анатолій і Кацярына Горбачы, маючы траіх прыгожых дзетак – двух сыночкаў і дачушку, ужо не разлічвалі адчуць яшчэ раз шчасце ад нараджэння дзіцяткі. Але прыемная навіна наведала шматдзетную сям’ю чацвёрты раз!
– Муж Анатолій Генадзьевіч працуе інжынерам па ахове працы ў СВУ «Даманава» УП «Брэстаблгаз», я ў гэтай жа арганізацыі бухгалтар, – гаворыць Кацярына Алегаўна. – Самі мы родам з Даманава, у аграгарадку жывуць нашы бацькі, я ў сваёй сям’і адна, у мужа адзін брат, а мы во якія багатыя! У нас растуць тры сыны і дачушка. 17-гадовы Іван – будучы зваршчык, ёсць яшчэ пачынаючы хакеіст – 10-гадовы Ягор, пасля нарадзілася наша доўгачаканая прынцэса Анастасія, другакласніца СШ № 4 г. Івацэвічы. Здавалася, поўны дом дзяцей, а не, праз некалькі гадоў зноў прыемная навіна! Так, няпроста было жыць у фармаце «з дэкрэта ў дэкрэт», але мы з мужам усё ж шчаслівыя людзі, мы часта збіраемся ўсе пад адным дахам і ўжо не ўяўляем жыцця адзін без аднаго.
Зараз Горбачы жывуць у кватэры, але нядаўна пачалі вялікую важную справу – будоўлю дома. Сям’я выкарыстала сямейны капітал. Дом будзе аднапавярховым, але вялікім, каб сям’я ў будучыні магла сесці за вялікі стол! Так, як сёння яны збіраюцца ў бабуль з дзядулямі ў Даманаве.
– Наш Марк расце незвычайна знаходлівым і актыўным хлопчыкам, – адзначае бацька Анатолій Генадзьевіч. – Днём ён наведвае дзіцячы садок, а ўвечары актыўнічае дома, задзейнічае ўсіх!
Малодшы сын вельмі любіць тэхніку, на дзень нараджэння заказаў цацачнага танка. Канечне, мы ведаем і цэнім той факт, што 17 верасня ў нашай сям’і двайное свята! Асаблівасць даты заўсёды падкрэслівае мой тата, ён ганарыцца тым, што ўнук нарадзіўся ў Дзень народнага адзінства.
Калі Марк яшчэ крыху падрасце, бацькі абавязкова раскажуць яму пра сутнасць свята. Упэўнены, хлопчык ацэніць факт – нарадзіўся ў такі дзень! А пакуль ён у чаканні падарункаў, віншаванняў і далейшых падарожжаў па краіне. Любімы адпачынак вялікай сям’і – актыўны і ў цікавых месцах Беларусі.
Сям’я Горбач віншуе землякоў, усіх беларусаў са святам!
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.
