Close
Актуально Новости Общество

«Уся стома знікае, калі працуем каля царквы…»

«Уся стома знікае, калі працуем каля царквы…»
  • Опубликовано:24 сентября, 2025

На гэты раз у рамках рубрыкі «Адрасы прыгажосці» мы завіталі ў храм. Бусяжская Свята-Успенская царква мае доўгую і багатую гісторыю, у мінулым годзе яна адзначыла 245-годдзе, храм прызнаны помнікам архітэктуры, але галоўны яго скарб, вядома, людзі…

У рэдакцыю патэлефанавала Тамара Казімірчык, наша чытачка і пазаштатны аўтар, ураджэнка Бусяжы, і ўпэўніла – такой прыгажосці мы яшчэ не бачылі. І сапраўды, храм сустрэў нас рознымі фарбамі і прыемнымі пахамі…

Невялікі экскурс па царкве правяла Надзея Кулецкая, мясцовая жыхарка і «стараста мясцовых кветнікаў» па сумяшчальніцтве! Надзея Міхайлаўна нарадзілася ў Расіі, але з трох гадоў жыве ў Бусяжы, лічыць вёску роднай, а храм – месцам сілы.

– Мяне сюды маленькай на службу прывяла бабуля Надзея Фёдараўна Дземідовіч. Ой, колькі людзей тады было ў царкве, – успамінае Надзея Кулецкая. – Заўсёды наш храм быў прыгожым і дагледжаным, але кветнікаў не хапала. Я шмат гадоў працавала ў Мілейкаўскім сельвыканкаме спецыялістам па падатках, тагачасны старшыня Мікалай Камінскі даў мне заданне – зрабіць каля царквы кветнік, бо я заўсёды любіла зямельку і расліны. Было гэта недзе ў 2012 годзе, і дапамагала мне ў няпростай справе стараста нашага храма Ніна Фёдараўна Сірыдзіна. Мясцовыя жыхары прывезлі старыя аўташыны, і мы зрабілі наш «рамонак» на ўваходзе ў храм. Доўгі час Ніна Фёдараўна і яе сястра Лідзія шчыравалі са мной каля царквы. Зараз ім ужо цяжка, да мяне падцягнуліся другія прыхаджане.

Да размовы далучылася адна з памочніц Алена Царковіч. Настаўніца Косаўскай СШ нядаўна загарэлася кветкавай справай. Усё пачыналася з кашпо для кветак храма, іх настаўніца робіць са штучнага ратанга. На выхадных палоць ды паліваць дапамагала летам дачка Алены Уладзіміраўны Паліна, якая прыязджае з Мінска. Чаго мы толькі ні ўбачылі падчас прагулкі па тэрыторыі прыкладна ў 20 сотак: хрызантэмы, мульціфлоры, ружы, бягоніі, хосты, фарзіцыі, вербены, нават каны і юкі радуюць вока прыхаджан! У калектыве памочнікаў яшчэ Людміла Лебедзь, Таццяна Бурына, Галіна Зуенчык, Наталля Цацэрская, абкошваюць немалую тэрыторыю Сяргей Дземідовіч і Міхаіл Кулецкі.

Асобную падзяку Надзея Кулецкая перадае прадпрымальніку, ураджэнцу вёскі Уладзіміру Журомскаму. Ён у многім дапамагае царкве і нават на кветкі ахвяруе грошы, каб тут заўсёды было прыгожа. Многія людзі, мясцовыя і з суседніх вёсак, дапамагаюць грашыма ці саджанцамі нашым кветкаводам, падтрымліваюць такую добрую справу.

Надзея Кулецкая прыходзіць да храма штодзень – работа тут заўсёды знойдзецца. Жанчына любіць навінкі, перасаджвае кветкі і кусты, палівае прыгажосць… Дарэчы, многае за гады служэння з 2016 года тут зрабіў настаяцель храма Ігар Шаламіцкі. Ён паклапаціўся пра ваду каля царквы, цяпер тут замытая свідравіна, зрабіў дарожкі з пліткі, паставіў на тэрыторыі альтанку. Жанчыны заўважаюць, што нават калі яны прыхо-дзяць сюды стомленыя ці адчуваюць сябе дрэнна, то ўсе беды быццам знікаюць. Не так баляць спіна ці ногі, напэўна, ад таго, што яны дакранаюцца да прыгожага і працуюць на карысць іншым.

У планах яшчэ зрабіць тут невялічкі фантанчык. Няхай ён парадуе і прыхаджан, у вёсцы каля 130 жыхароў, і шматлікіх турыстаў. Дарэчы, па дарозе ў Палац Пуслоўскіх сюды часта заязджаюць людзі, усе здзіўляюцца мясцовым каларытам. Гераіні публікацыі расказалі, што не так многа цяпер людзей на службах, але ёсць у людзей добрая традыцыя – на вялікія гадавыя праваслаўныя святы на службы сюды едуць выхадцы з вёскі. Нават тыя, хто ўжо даўно тут не жыве, едуць на зямлю бацькоў і дзядоў, каб асвяціць велікодныя кошыкі ў родным храме… Няхай і надалей храм жыве, няхай моляцца ў ім вернікі, а кветнікі толькі дадаюць настрою і радуюць душу.

Наталля ГЕРБЕДЗЬ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.