25 тысяч тон ужо прыняў Івацэвіцкі буракапрыёмны пункт ААТ «Жабінкаўскі цукровы завод»
З пачатку верасня сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна пачалі ўборку цукровых буракоў. Іх вырошчваннем займаюцца сем гаспадарак: ААТ «Падстарынь», «Новыя Стайкі», «Мілейкі», «Косава», «Квасевічы», «Агратэхсэрвіс» і ДП «Э/б «Майск».
Агульная плошча, засаджаная караняплодамі, складала больш за тысячу гектараў, да цяперашняга часу большая частка ўраджаю ўжо сабрана. Уборка ідзе згодна з графікам, каб не ствараць дадатковую нагрузку на Івацэвіцкі буракапрыёмны пункт ААТ «Жабінкаўскі цукровы завод», які ў гэтыя восеньскія дні працуе ў інтэнсіўным рэжыме, бо менавіта сюды штодня паступае сабраны ўраджай. Буракапрыёмны пункт з’яўляецца пасрэднікам паміж вытворцамі і перапрацоўшчыкам.
Нягледзячы на няпростыя ўмовы надвор’я, год аказаўся спрыяльным для вырошчвання цукровых буракоў, аграрыі раёна адзначаюць добрую ўраджайнасць. Сярэдняя па раёне на дадзены момант складае 495,3 цэнтнера з гектара.
На тэрыторыі прыёмнага пункта кіпіць работа. Тут ажыццяўляецца прыёмка караняплодаў, візуальны кантроль якасці, ацэнка ступені забруджанасці – у гэтым годзе яна на ўзроўні
7,6 % пры нарматыве не больш за 15 %, а таксама адгрузка ў бурты для часовага захоўвання да адпраўкі на перапрацоўчае прадпрыемства. Як паведаміў начальнік структурнага падраздзялення Леанід Паляшчук, для вызначэння ўзроўню цукрыстасці пробы адпраўляюцца на Бярозаўскі буракапрыёмны пункт, сярэдняя цукрыстасць на сёння складае 15,96 % пры базісным 16 %.
З пачатку сезона на буракапрыёмнае прадпрыемства паступіла 25 тысяч тон буракоў, адгрузка вагонаў з прадукцыяй на Жабінкаўскі цукровы завод ажыццяўляецца ў адпаведнасці з графікам, штодня на перапрацоўку адпраўляецца па восем вагонаў, а гэта каля 400 тон буракоў. Плануецца, што работы на Івацэвіцкім буракапрыёмным пункце прадоўжацца яшчэ да студзеня.
Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.







