Close
Главная новость Новости Сельское хозяйство

Паспела царыца палёў

Паспела царыца палёў
  • Опубликовано:23 октября, 2025

У ААТ «Косава»нарошчваюць тэмпыпа ўборцы кукурузы на зерне.

Другая палова кастрычніка, а работ у аграрыяў менш не становіцца. Карыстаючыся пагоднымі дзянькамі, сельгаспрадпрыемствы раёна актыўна вядуць уборку кукурузы на зерне.
Як паведамілі ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, пад гэтую стратэгічна важную культуру сёлета ў Івацэвіцкім раёне адведзена 17 041 га, з іх большая частка – 14 004 га – прызначана для вытворчасці сіласу, на 3 037 га вырошчваюць кукурузу на зерне, з іх у тым ліку на 464 га – на насенне. У сельгаспрадпрыемствах амаль завяршылі ўборку сіласнай кукурузы.

Штогод гэтая культура займае значнае месца ў структуры пасяўных плошчаў ААТ «Косава». Ды гэта і не дзіўна, бо ўраджай царыцы палёў – выдатны запас для жывёлагадоўлі гаспадаркі, які забяспечыць сытую зімоўку, без яе вялікага малака не атрымаеш. Плошчы пад кукурузу ў гаспадарцы займаюць 590 гектараў, з іх ужо прыбраныя 445 га на сілас, з 75 га сабрана кукуруза на насенне, а зараз з астатніх плошчаў вядзецца ўборка зерня.

У панядзелак, 20 кастрычніка, мы наведаліся ў сельгаспрадпрыемства, каб даведацца, як жа ўрадзіла культура ў такі няпросты для аграрыяў год. А ўраджай тут збіраюць неблагі. У гаспадарцы ўжо закладзена больш за 8 тысяч тон сіласу, для ААТ «Брэсттравы» сабралі больш за 580 тон гібрыднага насення з ураджайнасцю 77,6 ц/га, а зараз перад аграрыямі стаіць задача ў аптымальныя тэрміны сабраць кукурузнае зерне.

На полі, што месціцца на ўскрайку Бялавічаў, на камбайне Палессе GS12A1 шчыраваў прадаўжальнік слаўнай працоўнай дынастыі – Уладзімір Харужы. Вопытнаму і адказнаму механізатару шмат якія віды работ давяраюць: ворыва, сяўбу, трамбоўку траншэй, жніво – за плячыма вопыт і нямала адпрацаваных гадоў на карысць сельгаспрадпрыемства, у якім яшчэ шчыруюць дзед, тата і дзядзька.

Пад яго кіраўніцтвам камбайн з кукурузнай жняяркай спрытна рухаўся па шырокім полі, яго амаль было не відаць з-за сцёблаў царыцы палёў, якая, нягледзячы на перыпетыі надвор’я, вымахала высокай. На зададзенай хуткасці тэхніка зразала сцябліны, пачаткі траплялі ў верхнюю частку жняяркі, а сцябло – у ніжнюю. Так аддзялялася зерне, якое засыпалася ў бункер, а здробненае сцябло высыпалася на поле – яно паслужыць выдатным угнаеннем. Бункер камбайна запаўняўся прыкладна за 15 хвілін, пасля чаго буйное зерне высыпалася ў кузаў велікагрузнага МАЗа, які адвозіў яго на зернесушыльна-ачышчальны комплекс у Косава на дапрацоўку. Пакуль у гаспадарцы атрымліваюць ураджайнасць у 80 ц/га.

На пытанне, што больш падабаецца ўбіраць, хлеб ці кукурузу, Уладзімір Харужы ўпэўнена адказаў:

– Кожную справу патрэбна выконваць з адказнасцю, якасна і аператыўна, не падводзіць калег і кіраўніцтва. У сельскай гаспадарцы лёгкіх ці дробязных работ не бывае!

І такі падыход, безумоўна, – адзін са складнікаў поспеху сельгаспрадпрыемства, якое дзякуючы такім шчырым працаўнікам і трымаецца ў ліку лепшых.

Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.