Такога звання напярэдадні прафесійнага свята ўдастоены дарожны рабочы філіяла КУП «Брэстаблдарбуд» Івацэвіцкае ДРБУ № 178 Валерый Сарока.
26 кастрычніка работнікі дарожнай службы краіны адзначаць прафесійнае свята. Менавіта дзякуючы іх зладжанай працы нашы вуліцы выглядаюць прыгожымі, а дарогі становяцца камфортнымі і бяспечнымі. Яны выконваюць сваю справу, не зважаючы на любое надвор’е, – у спякоту і мароз, у снег, дождж ці вецер. Словам, задачы ў дарожнікаў няпростыя, а зона адказнасці вялікая.
Людзей гэтай прафесіі відаць адразу – яны загартаваныя працай. Пра тое, што хлеб гэты нялёгкі, не па чутках ведае і наш герой публікацыі – дарожны рабочы ДРБУ № 178 Валерый Сарока. Яго жыццё ўжо амаль 30 гадоў непарыўна звязана з дарогамі роднага краю.
Дзяцінства Валерыя Іванавіча прайшло ў Гічыцах. Маці была фармацэўтам, бацька – работнікам піларамы. Пасля заканчэння школы, як і многія аднагодкі, ён атрымаў правы трактарыста, а потым аддаў год працы ў калгасе. Але лёс распарадзіўся інакш, і неўзабаве ён апынуўся ў дарожна-рамонтна-будаўнічым упраўленні.
З таго часу прайшло без малога тры дзесяцігоддзі. За гэты час ён асвоіў многія тонкасці дарожнай справы. У абавязкі рабочага ўваходзіць укладка асфальтабетоннага пакрыцця, устаноўка дарожных знакаў і бардзюраў, ямачны рамонт і іншае. Цяжкая фізічная праца ніколі не палохала, у ёй наадварот Валерый Сарока знаходзіць задавальненне.
– Цаню сваю работу за яе разнастайнасць і магчымасць працаваць у розных кутках раёна. Раней і камандзіроўкі былі па вобласці. Да таго ж прыемна ўсведамляць, што, праязджаючы па тых ці іншых дарогах, бачыш плён сваёй і калег працы. Калектыў у нас, дарэчы, зладжаны, кіраўніцтва, як былое, так і цяперашняе, граматнае, да падначаленых адносіцца хоць і патрабавальна, але з паразуменнем. Зарплата дастойная. А што яшчэ трэба!
За добрасумленную працу неаднаразова Валерый Іванавіч адзначаўся граматамі і прэміямі раённага і абласнога ўзроўняў, а па выніках за 2018 год быў прызнаны лепшым работнікам сваёй галіны, яго імя занесена на Дошку гонару КУП «Брэстаблдарбуд».
Такім спецыялістам ганарыцца калектыў, начальнік ДРБУ № 178 Максім Собаль адклікаецца пра падначаленага як пра ўніверсальнага працаўніка і майстра на ўсе рукі.
– Валерый Іванавіч працуе адказна, падыходзіць да любой справы з розумам, пры гэтым, што немалаважна, заўсёды дзеліцца сваім прафесійным вопытам з маладымі калегамі. За свае працоўныя заслугі ён узнагароджаны нагрудным знакам «Ганаровы дарожнік Беларусі» другой ступені. І такая высокая ўзнагарода – другая па ліку за ўсю гісторыю існавання ДРБУ. А гэта дарагога каштуе! – кажа кіраўнік дарожнай службы.
Дома Валерыя Іванавіча чакае сям’я: жонка, яна працуе сацыяльным работнікам, і дзеці. Старэйшы сын ужо вучыцца ў медыцынскім, малодшы яшчэ вучань школы. У вольны час наш герой любіць выязджаць у лес па грыбы, цешыцца цішынёй і прыгажосцю роднай прыроды.
Складана падлічыць аб’екты, зробленыя з яго ўдзелам за тры дзесяцігоддзі, прычым не толькі ў межах раёна. Наогул жа гаварыць шмат пра свае працоўныя будні дарожны рабочы Валерый Сарока не любіць, лепш за ўсё за яго кажуць справы. Нядаўна работнікі Івацэвіцкага ДРБУ № 178 прыступілі да ўкладкі асфальту па вуліцы Шаўчэнкі райцэнтра. І ў дзень нашай гутаркі Валерый Іванавіч быў задзейнічаны на гэтых работах.
– Трэба працаваць! – сказаў ён нам напаследак пасля нядоўгай гутаркі і заспяшаўся далучыцца да зладжанай работы калег.
А як жа іначай, калі дарожнага рабочага чакаюць новыя задачы і новыя кіламетры дарог, якія маюць патрэбу ў яго клопаце і майстэрстве.
Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.





