Нялёгкая праца, што корміць краіну
Заўсёды стараецца выконваць свае абавязкі найлепшым чынам жывёлавод ААТ «Квасевічы» Андрэй Сіпкін.
Ужо 11 гадоў у ААТ «Квасевічы» працуе жывёлаводам Андрэй Сіпкін. Ён з разраду тых сціплых і шчырых, простых працаўнікоў, якія забяспечваюць харчовую бяспеку краіны.
Нарадзіўся Андрэй Сіпкін у Баранавіцкім раёне. У раннім узросце разам з сям’ёй пераехаў у горад Косава, каб быць бліжэй да бабулі і дзядулі. Дзядуля Андрэя быў таксама чалавекам сваёй справы – ён працаваў жывёлаводам у мясцовай гаспадарцы. Гэтыя ўспаміны пра дзядулеву навуку, напэўна, і заклалі аснову для будучага працоўнага шляху Андрэя.
Пасля школы Андрэй Сіпкін не стаў шукаць лёгкага хлеба. Ён распачаў працоўную біяграфію на прадпрыемстве «Компасмэбля», потым працаваў на Косаўскім МВА. Але кліч вёскі аказаўся мацнейшым: у 2014 годзе Андрэй далучыўся да калектыву ААТ «Квасевічы» ў якасці жывёлавода. Тут, на МТФ «Ёдчыкі», ён знайшоў сваё прызванне.
Работа жывёлавода – гэта рытмічны, патрабуючы фізічных сіл цыкл, дзе кожная хвіліна на рахунку, а працаваць патрэбна ў любое надвор’е, быць заўсёды на нагах. Дзень Андрэя пачынаецца а шостай гадзіне раніцы. Першае, да чаго прыступае, гэта ўборка кармавых сталоў, каб жывёла атрымлівала толькі чыстую і свежую ежу, затым уборка памяшканняў.
– Раней усё рабілася ўручную – віламі і лапатай. Сёння тэхніка палягчае працу: кормараздатчыкі раўнамерна размяркоўваюць корм, падкідальнікі дапамагаюць з падграбаннем кармоў пасля кормараздатчыка, а трактар чысціць памяшканні. Толькі ў стойлах даводзіцца працаваць уручную. Тэхніка – наш лепшы памочнік, – адзначае Андрэй Сіпкін.
Перапынак на абед дае кароткую перадышку, і неўзабаве Андрэй зноў у справе: падкідвае кармы, каб рагулі былі сытыя, паўтараецца ўборка – усё нанова, бо на ферме павінен быць парадак.
Працоўная змена заканчваецца пасля васьмі вечара, графік зменны: два з паловай дні інтэнсіўнай працы чаргуюцца з паўтара днямі адпачынку. Гэта, як адзначае жывёлавод, дазваляе аднавіць сілы.
Андрэй у адказе больш чым за 500 галоў дойных кароў – статак, ад якога залежыць дабрабыт гаспадаркі. Падчас работы ён стараецца агледзець кожную карову, звяртае ўвагу на змены ў паводзінах ці знешнім выглядзе. Калі нешта не так – адразу выклікае ветэрынарнага ўрача.
Пяць гадоў таму гаспадарка выдзеліла працаўніку і яго сям’і дом у Квасевічах – гэта быў важны крок, які дазволіў абжыцца бліжэй да месца работы. У сям’і падрастае сын, ён яшчэ школьнік, жонка працуе поварам у Квасевіцкім дзіцячым садку, так што сям’я жыве ў гармоніі з рытмам сельскага жыцця. Дома ў Сіпкіных свая невялікая гаспадарка: куры ды індыкі. Гэта не толькі крыніца свежых прадуктаў, але і хобі, якое прыносіць задавальненне.
У эпоху, калі гарады вабяць камфортам, такія людзі, як Андрэй Сіпкін, застаюцца апорай аграрнага сектара, без такіх працаўнікоў не будзе сняданку на нашым стале. Нягледзячы на фізічную цяжкасць, Андрэй не шкадуе, што выбраў такую прафесію. Ён працягвае свой шлях, натхняе калег і выхоўвае ў сыне павагу да працы. Такія жыццёвыя гісторыі нагадваюць: карані, што трымаюцца за сваю зямлю, – гэта сіла, а адданасць справе – ключ да шчасця.
Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.





