Close
Новости Образование ПРАЦАЎНІЦЫ СЯЛА Сельское хозяйство

Ад тэорыі да практыкі

Ад тэорыі да практыкі
  • Опубликовано:30 января, 2026

Вучэбная гаспадарка Івацэвіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа дапамагае будучым аграрыям адпрацоўваць навыкі.

У Івацэвіцкім дзяржаўным аграрным каледжы, дзе тэорыя цесна пераплятаецца з практыкай, асаблівае месца займае вучэбная гаспадарка, што месціцца ў Сярадаве. Гэта не проста тэрыторыя для адпрацоўкі навыкаў, а паўнавартаснае вытворчае прадпрыемства, якое дэманструе сучасныя падыходы да сельскай гаспадаркі і служыць бясцэнным «палігонам» для падрыхтоўкі будучых работнікаў. На сённяшні дзень вучэбная гаспадарка, якая функцыянуе пры аграрным каледжы – адзіная ў вобласці, і ад такога ўнікальнага вопыту тут не збіраюцца адмаўляцца.

Як расказаў дырэктар установы адукацыі Міхаіл Дымовіч, у сценах нашай кузні працоўных кадраў сёлета тут навучаюць 15 кваліфікацыям, ахопліваючы розныя катэгорыі навучэнцаў, іх усяго 633. Сярод тых, хто зараз спасцігае азы прафесій, 375 навучэнцаў нарматыповага развіцця, 62 падлеткі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, асаблівая ўвага надаецца навучэнцам сіроцкай катэгорыі – такіх 33 чалавекі. Акрамя таго, яшчэ 200 чалавек праходзяць навучанне на тэрыторыі ЛПП № 8 і папраўчай калоніі № 22.

Вучэбная гаспадарка мае 387 гектараў зямель, на якіх штогод вырошчваюцца азімыя трыцікале і пшаніца, яравы ячмень, зернебабовая сумесь і кукуруза на сілас. Сёння яна актыўна развіваецца і ўпэўнена глядзіць у будучыню. На 2026 год запланавана пакупка новай тэхнікі, уключаючы новыя «Амкадор», збожжаўборачны камбайн і трактар МТЗ-2022. Агульнае пагалоўе буйной рагатай жывёлы на МТФ складае 270 галоў, з іх 90 – дойны статак, які знаходзіцца на бяспрывязным утрыманні.

На ферме ўкаранёны камп’ютарны ўлік, устаноўлена халадзільнае і даільнае абсталяванне, якое дазваляе адначасова даіць восем галоў. Функцыянуе і лабараторыя для вызначэння якасных паказчыкаў малака. Сёлета запланавана далейшая мадэрнізацыя – ужо набыта новая праграма даення, што дазволіць яшчэ больш аптымізаваць вытворчыя працэсы.

Вучэбная гаспадарка Івацэвіцкага аграрнага каледжа дэманструе вынікі, якімі не могуць пахваліцца нават некаторыя паўнавартасныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна. Валавы надой тут перавысіў планку ў 8 000 кг малака, прычым рэалізуецца яно гатункам «экстра». Таварнасць за мінулы год складае 94,2 %, а штодзённа на малочны завод адгружаецца 2,5 тоны малака.

Сярэднясутачны надой на адну карову дасягае 29 кг – паказчык, які з’яўляецца прадметам гонару і сведчаннем высокага ўзроўню вядзення жывёлагадоўлі.

Прыбаўкі маладняку за мінулы год склалі 714 грам, і гэта сведчыць аб эфектыўнай сістэме кармлення і догляду. Для забеспячэння кармавой базы маюцца дзве сіласныя траншэі – на дзве і на адну тысячу тон, што цалкам задавальняе патрэбы такой гаспадаркі. На сёлетні сезон нарыхтавана 1 800 тон сіласу і 1 200 тон сенажу.

– Перад намі пастаўлена задача, каб навучэнцы набывалі практычныя навыкі не на трэнажорах, а ў рэальным жыцці. Усё ж такі ў рэальнай практыцы ёсць свае бясспрэчныя перавагі, бо з вучэбнага трэнажора сесці на трактар і займацца ворывам не ў кожнага атрымаецца. Трэба ясна разумець, як араць, адчуваць зямлю, бо ў жыцці ўсё па-іншаму, – расказвае дырэктар каледжа Міхаіл Дымовіч.

І гэта не проста словы. Вучэбная гаспадарка з’яўляецца пляцоўкай для адточвання навыкаў і для многіх іншых прафесій, якім навучаюць у каледжы. Будучыя трактарысты-машыністы і вадзіцелі тут задзейнічаны на вывазе арганікі, падвозцы збожжа. Усе палявыя работы, ад сяўбы да ўборкі ўраджаю, выконваюцца сіламі навучэнцаў: пад кіраўніцтвам майстроў вытворчага навучання яны раскідваюць арганіку, займаюцца ворывам, сяўбой, а потым збіраюць вырашчаны ўраджай. Пуцявы ліст вучэбны, вучань за рулём, а майстар побач – гэта дазваляе максімальна пагрузіцца ў працэс і атрымаць каштоўны вопыт. Нават зваршчыкі практыкуюцца на вучгасе, калі ўзнікае неабходнасць адрамантаваць клеткі для цялят.

І, як падкрэсліла ў гутарцы кіраўнік вучэбнай гаспадаркі Вольга Козел, у большасці навучэнцаў каледжа, якія тут практыкуюцца, заўважаецца працавітасць, а гэта вельмі важна, бо без яе аграрная галіна будзе не па сілах.

На гэтым тыдні ўдалося паназіраць за працай будучых аператараў машыннага даення. Навучэнцы, якія асвойваюць сёлета прафесію, праходзяць навучанне ў групе з 12 чалавек. Тэарэтычныя заняткі праводзяцца ў сценах каледжа, а яшчэ ў іх два дні на тыдзень ёсць сапраўдная практыка: пад’ём у пяць раніцы і праца на ранішняй дойцы, затым адпачынак – і вячэрняя дойка. Усё, як у сучасных рэаліях: двухразовае даенне і двухразовае кармленне, у якім яны таксама прымаюць удзел.

На ферме працуюць 14 штатных работнікаў, пад наглядам якіх практыкуюцца навучэнцы. Гэта забяспечвае не толькі якаснае выкананне работ, але і перадачу вопыту ад спецыялістаў будучым кадрам.

Прафесія даяркі не такая простая, як здаецца на першы погляд. Бо неабходна многае ведаць і ўмець.
– Трэба ведаць тэхналогію: якасна апрацаваць вымя, здаіць першыя струменьчыкі, апрацаваць бактэрыцыдным растворам і яго выдаліць, правільна падключыць даільны апарат, затым апрацаваць вымя пасля дойкі, што вельмі важна – своечасова выяўляць мастыты, – дзеліцца майстар вытворчага навучання Алена Рак, пад кіраўніцтвам якой спасцігаюць азы нялёгкай прафесіі навучэнцы каледжа.

– Усе дзяўчаты не баяцца жывёл, гэта радуе. У мінулым годзе нават вучыліся хлопцы і спраўляліся часам лепш за дзяўчат. Набор гэтага года даярак таксама добры, усе працавітыя. Перыядычна мы для іх ладзім конкурсы на правільнасць і аператыўнасць падключэння кароў да даільнага апарата, і бачым іх азарт, – кажа Вольга Козел.

Перад кожнай дойкай – абавязкова інструктаж і паўтарэнне пройдзенага матэрыялу, каб не дапусціць памылак, бо на коне – якасць малака. Падчас дойкі за кожнай навучэнкай назірае даярка і майстар вытворчага навучання.

У дзень нашага візіту за работай засталі Вікторыю Пасюкевіч, Аксану Кужалінаву і Яўгенію Пукала. Цікава было назіраць, як на дзяўчат адгукаліся іх падапечныя – цяляты цягнуліся за ласкавым пагладжваннем, каровы віталі гучным рыканнем.

На кароткі час адарваўшыся ад працоўнага працэсу, будучыя аператары машыннага даення дзяліліся ўражаннямі ад працы.

Усе яны прыехалі атрымліваць рабочыя прафесіі з іншых раёнаў: Вікторыя – з Нясвіжскага, Аксана – з Лунінецкага, а Яўгенія наогул гараджанка, яна з Кобрына.

Вікторыя прызнаецца, што спачатку было складана прывыкнуць да ранніх пад’ёмаў і фізічнай нагрузкі. Але паступова ўцягнулася, і цяпер ёй падабаецца даглядаць жывёл, адчуваць сваю датычнасць да важнай справы. Аксана адзначае, што праца патрабуе ўважлівасці і адказнасці, бо ад правільна выкананых дзеянняў залежыць і здароўе кароў, і якасць малака. Яўгенія ж, якая вырасла ў горадзе, прыемна здзіўлена тым, наколькі цікавай і шматграннай можа быць сельская праца.

Па словах Алены Рак, дзяўчаты праяўляюць вялікую цікавасць да прафесіі і імкненне да ўдасканалення навыкаў. Яны ўважліва слухаюць парады вопытных даярак, стараюцца не дапускаць памылак і не баяцца задаваць пытанні. Гэта асабліва каштоўна, бо менавіта дапытлівасць і гатоўнасць вучыцца – залог поспеху ў любой справе. Дарэчы, аператары машыннага даення атрымліваюць адначасова і прафесію швачкі.

Наогул кожнаму навучэнцу даецца па дзве прафесіі, так званыя сельская і гарадская. Дапусцім, агароднік і тынкоўшчык, слесар па рамонце сельгасмашын і абліцоўшчык-плітачнік. Усе яны запатрабаваныя на рынку працы. У абавязковым парадку выпускнікам навучальнай установы прадстаўляецца першае працоўнае месца. Актыўна заключаюцца і мэтавыя дагаворы – у гэтым навучальным годзе іх 22, згодна з якімі выпускнікі абавязаны адпрацаваць два гады. Размеркаванне адбываецца ў канцы лютага – пачатку сакавіка. Чарговасць размеркавання, як і ў іншых навучальных установах, залежыць ад паспяховасці, а яшчэ выпускнікоў стараюцца накіраваць бліжэй да месца жыхарства.

Важнасць вучэбнай гаспадаркі ў падрыхтоўцы спецыялістаў аграрнага сектара цяжка пера-
ацаніць. Тут навучэнцы не проста атрымліваюць тэарэтычныя веды, але і прымяняюць іх на практыцы, сутыкаючыся з рэальнымі вытворчымі задачамі. Менавіта такі сімбіёз тэорыі і практыкі дазваляе падрыхтаваць кваліфікаваных спецыялістаў, гатовых да працы ў сучаснай сельскай гаспадарцы, менавіта на іх – надзея на будучыню сельскагаспадарчай галіны і забеспячэнне харчовай бяспекі.

Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.