Адкрыццё мемарыяльнай дошкі – да святкавання 80-годдзя Івацэвіцкай цэнтральнай бібліятэкі імя П. Пестрака
Юбілей наш кніжны храм пачаў адзначаць сёння з цырымоніі ўрачыстага адкрыцця мемарыяльнай дошкі Піліпу Пестраку. Бібліятэка носіць імя славутага земляка, палітычнага дзеяча, пісьменніка, паэта з 1979 года.
Да шматлікіх гасцей свята, сярод якіх школьнікі і прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, грамадскіх аб’яднанняў, звярнуўся старшыня райвыканкама Уладзімір Бялоў:
– На працягу васьмі дзесяцігоддзяў бібліятэка служыла і працягвае служыць крыніцай ведаў і натхнення духоўнага росту для многіх пакаленняў. А адкрыццё мемарыяльнай дошкі – гэта заслужаная даніна павагі вялікаму земляку. З юбілеем, няхай сцены ўстановы заўсёды будуць напоўненыя чытачамі, цікаўнымі да ўсяго новага, да гісторыі нашага краю.
Віншавальны адрас ад старшыні аблвыканкама Пятра Пархомчыка прысутным зачытаў начальнік упраўлення культуры Сяргей Панасюк. Ён адзначыў – важна, каб у тым ліку дзякуючы кнізе, у нашай краіне расло пакаленне патрыётаў, якое ведае гісторыю сваёй радзімы і знакамітых землякоў.
З адказным словам ад усёй прысутнай моладзі выступіла Дар’я Шчурко, вучаніца Косаўскай СШ імя А. Зайкі, удзельніца краязнаўчага музея па раздзеле дзейнасці Піліпа Пестрака.
Усім выступоўцам разам з дырэктарам бібліятэкі Галінай Міхнюк было прадастаўлена права адкрыць дошку. Цяпер яна – напамін аб тым, чыё імя носіць установа… Далей гасцей запрасілі на экскурсію па бібліятэцы.
Падрабязнасці ў бліжэйшым нумары« ІВ».














