Алена Капыціч, кандытар кандытарскага цэха «Шчара» ККП Івацэвіцкага райспажыўтаварыства: «Самая тонкая работа – з хлебам»

Доўга і старанна пад наглядам калег малады кандытар працавала з цестам, каб у рэшце рэшт атрымаўся ідэальны бохан.
Цяжка паверыць у тое, што з-пад рук гэтага юнага кандытара, маладога спецыяліста, у месяц выходзіць каля тоны хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў! Такія нарматывы сёння ў кандытарскіх цэхах «Шчара» і «Крыніца», дзе працуе Алена Капыціч. Яна пачынала ў «Крыніцы», сюды і зараз выходзіць на змены пры неабходнасці, а цяпер са старшымі калегамі яна шчыруе ў цэху «Шчара», які прафілюецца больш на хлебабулачных вырабах, якія едуць пасля на прылаўкі па ўсім раёне і не толькі.
У сярэднім за месяц у «Шчары» чатыры кандытары выдаюць каля 4,5 тоны прадукцыі, у «Крыніцы» – каля 6,5, тут у хлебабулачным і крэмавым цэхах працуюць шэсць чалавек. Жанчыны выпякаюць наш любімы хлеб, булачкі, пірожныя, капкейкі, торты. На ўра разыходзіцца і новая прадукцыя – замарожаныя торты. Шафу шокавага замарожвання сюды набылі больш за год таму, але зараз такіх замарожаных тортаў, як «Прага», «Казка», «Падарункавы», «Бісквітна-крэмавы», рэалізуюць каля тоны ў месяц!
Штогод у Івацэвіцкае райспажыўтаварыства прыходзіць каля двух дзясяткаў маладых спецыялістаў, амаль палова з іх – мясцовыя юнакі і дзяўчаты. Кіраўніцтва арганізацыі рада бачыць моладзь на прадпрыемстве, бо годную змену вопытным кадрам трэба яшчэ расціць і выхоўваць на рабочых месцах нават пасля заканчэння каледжаў і вну. Сёння ва ўстановах адукацыі Белкаапсаюза па накіраванні ад Івацэвіцкага райспажыўтаварыства вучацца 22 чалавекі. Гэта гарант таго, што ўсе яны пасля прыедуць сюды на адпрацоўку. Так, па накіраванне з Вялікай Гаці два гады таму сюды прыехала і Алена Капыціч: выпускніца вясковай школы са шматдзетнай сям’і марыла стаць кандытарам.
Дакладней, у яе была цяга да малявання, і ў такой салодкай прафесіі кандытара яна знаходзіць выйсце ўсім сваім творчым задумкам.
- Выбар прафесіі – мара ўсяго жыцця ці выбар выпадку?
– Я вельмі любіла маляваць, і падчас шчырай размовы з маці наконт майго паступлення прызналася, што хачу звязаць жыццё з творчасцю, але ў мастацкі каледж мяне, самавучку без «корачкі», не ўзялі б. І мы знайшлі выйсце – паехалі з матуляй у наша райста па накіраванне. Так я паступіла ў Баранавіцкі тэхналагічны каледж Белкаапсаюза і стала кандытарам. Працягнула такім чынам дынастыю: мая бабуля шмат гадоў працавала поварам, і маці Святлана Мікалаеўна, повар-кандытар па адукацыі, ужо 25 гадоў смачна корміць дзетак у Вялікагацкім дзіцячым садку. Не скажу, што з дзяцінства марыла працаваць з цестам, але навуку ад матулі на кухні атрымала добрую, як і мае дзве старэйшыя сястры. Літаральна на днях заканчваецца мой год адпрацоўкі, я маю намер прадоўжыць работу, бо толькі-толькі «вошла во вкус» і бачу, што атрымліваецца ў мяне ўсё лепей. - Калі ўсе справы на сёння скончыліся, чым зоймеш час?
– У вясковага чалавека заўсёды ёсць справы (смяецца). Мой тата Віктар Мікалаевіч працуе вядучым інжынерам па трудапрацэсам у ААТ «Святая Воля». І з яго падачы мы трымаем вялікую гаспадарку: карову, свіней, курэй, сабака ёсць, наш любімчык. Я малодшая дачка і адна жыву з бацькамі, ім дапамагаю ў выхадныя дні. А яшчэ люблю з мамай на кухні гатаваць: і першае, і другое, і дэсерт абавязкова! - Калі выйграеш мільён рублёў у латарэю, як распарадзішся грашыма?
– Падзялю грошы пароўну. Адну частку аддам нашаму мясцоваму бацюшку на будаўніцтва манастыра, а другую – на дапамогу хворым дзецям. Я б паступіла па прынцыпе: як прыйшлі, так і няхай сыходзяць тыя грошы. - Што, акрамя бясспрэчнай любові да прафесіі, можа затрымаць маладога спецыяліста на першым працоўным месцы?
– Мая работа творчая, вельмі цікавая, але і няпростая. Зараз у нас начныя змены з 22.00 да 10.00 ранку з перапынкам, працуем тры ночы праз тры. Цяжка было ўліцца ў рэжым і не зблытаць дзень з ноччу, працуем увесь час на нагах, носім латкі з гатовым хлебам, дзе ўмяшчаецца па 15-20 боханаў. Дык вось, увесь час мне дапамагалі старшыя калегі, асабліва Святлана Уладзіміраўна Фалітарык, кандытар 5 разраду з 34-гадовым стажам. Зараз мы працуем разам у «Шчары». Яна памочнік і сябар. Я з радасцю іду на работу, бо ў нас ёсць сапраўдны дружны калектыў. Гэта для мяне вызначальнае. - Уяві сабе, што ты апынулася ў адной з лепшых кандытарскіх у свеце, які дэсерт ты паспрабавала б?
– Не скажу дакладна, бо я ўвогуле не вельмі люблю салодкае, як любы нармальны кандытар! Але гэта быў бы класічны дэсерт, калі торт, то мядовік. Я не люблю вельмі складаныя дэсерты, бо за цікавымі назвамі і незвычайнымі інгрэдыентамі часта хаваецца вельмі пасрэдны смак. А сваю прадукцыю я ў магазінах заўсёды шукаю вачыма і раю яе родным і знаёмым. У нас добрая рэцэптура са стаўкай на натуральнасць. - Кіно, серыял, якія ты гатовая глядзець зноў і зноў…
– Я нават палічыць не магу, колькі разоў глядзела фільм «Карнавальная ноч» Э. Разанава. Пры чым для мяне гэта не толькі навагодні фільм, яго магу і летам уключыць пад настрой. А яшчэ на работу я натхняюся праглядам шоу «Кандытар» з Рэнатам Агзамавым. Якія дэсерты там гатуюць удзельнікі!.. - Назаві тры рысы характару, якія вельмі неабходныя менавіта ў тваёй прафесіі…
– Работа з цестам патрабуе асаблівага таленту і настрою, гэта я не кажу пра кандытарку, да якой я пасля падыходжу вельмі асцярожна. Торты пакуль не ўпрыгожваю, але набыла дадому спецыяльныя формы, кандытарскія шпаталі, буду эксперыментаваць. Таму асабіста мне ў пачатку змены патрэбны асаблівы добры настрой, сканцэнтраванасць, асабліва падчас замесу цеста. А яшчэ ў творчай прафесіі неабходная дапытлівасць, кандытар павінен быць у пошуку. Той самы торт усё роўна аднолькавы двойчы не атрымаецца, а заказныя ўвогуле патрабуюць палёту фантазіі. Спадзяюся, мае самыя прыгожыя торты і пірожныя яшчэ наперадзе! А пакуль я атрымліваю яшчэ адну прафесію – тэхніка-тэхнолага, майстра сусветнай кухні.
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.