30 снежня 2023 г. спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Рыгоравіча Свяргуна (1903–1971), дзеяча рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, удзельніка партызанскага руху.
Аляксандр Рыгоравіч Свяргун нарадзіўся 30 снежня 1903 г. у в. Гічыцы Слонімскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у беднай сялянскай сям’і. Вучыўся ў мясцовай царкоўна-прыходской школе. Падчас Першай сусветнай вайны сям’я падалася ў бежанства ў глыб Расіі. Аляксандр працаваў рабочым на чыгунцы. У 1918 г. разам з бацькамі пераязджае ў Сібір, у Алтайскі край. Працаваў рабочым на маслазаводзе (1920–1923).
На радзіму, якая ў 1920 г. апынулася пад польскай уладай, сям’я вяртаецца толькі ў 1923 г. За гады адсутнасці ўсю маёмасць знішчылі. Сям’я пасялілася ў чужой паўразбуранай хаце. Аляксандр уладкаваўся рабочым вузкакалейкі на станцыі Івацэвічы.
У Заходняй Беларусі, якая была захоплена Польшчай у час Польска-савецкай вайны (1919–1921), польскай адміністрацыяй быў устаноўлены жорсткі акупацыйны рэжым, адноўлена ўлада памешчыкаў і капіталістаў. Багацці Беларусі рабаваліся і перапраўляліся ў Польшчу. Дзяржаўнай мовай была аб’яўлена польская. З устаноў звальняліся асобы беларускага паходжання і праваслаўнага веравызнання. Праводзіліся масавыя арышты праціўнікаў польскага рэжыму і дзеячоў беларускага нацыянальнага руху.
Аляксандр Свяргун адразу стаў праводзіць прапагандысцкую работу сярод насельніцтва. З 1923 г. – арганізатар і сакратар партячэйкі ў в. Гічыцы, з 1925 г. член Косаўскага раённага камітэта КПЗБ. Адзін з арганізатараў выступлення працоўных г. Косава ў абарону Беларускай сялянска-рабочай грамады. У 1927 г. Аляксандр Свяргун быў арыштаваны польскімі ўладамі і пасаджаны ў турму. Удзельнік працэсу над 75-цю членамі КПЗБ у Гродне (1929 г.).
У сакавіку 1935 г. выпушчаны з турмы, прыехаў у родную вёску. 31 жніўня 1935 г. па даносе правакатора Аляксандр Свяргун зноў быў схоплены паліцыяй, асуджаны на шэсць гадоў турмы. Адбываў пакаранне ў Пружанскай, а потым у Драгабыцкай (Заходняя Украіна) турмах.
Пасля пачатку Другой сусветнай вайны, Аляксандр Свяргун выйшаў з турмы 4 верасня 1939 г., адразу паехаў у Гічыцы. Дайшлі звесткі аб вызваленчым паходзе Чырвонай арміі. Аляксандр Свяргун быў адным з ініцыятараў арганізацыі ўзброенага атрада (каля 80 чалавек), які раззброіў польскі гарнізон, і які стварыў часовы рэвалюцыйны камітэт у Івацэвічах. 20 верасня ў Івацэвічы прыйшлі першыя савецкія воіны. Неўзабаве Аляксандр Свяргун быў абраны дэпутатам Народнага сходу Заходняй Беларусі, на якім было прынята гістарычнае рашэнне аб уз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР.
З пачатку Айчыннай вайны Аляксандр Свяргун знаходзіўся ў Чырвонай арміі. З 1943 г. ён удзельнік партызанскага руху на тэрыторыі Брэсцкай вобласці. За самаадданую працу па забеспячэнні партызан грузамі А. Р. Свяргун узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
Пасля вызвалення Беларусі працаваў у Брэсце, потым – на пасадзе старшыні Пружанскага гарвыканкама (1951–1955). Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 1-га склікання (1940–1947). Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», медалямі. Аўтар успамінаў аб рэвалюцыйным руху ў Заходняй Беларусі «Незабыўныя дні», выдадзеных у калектыўным зборніку «У суровыя гады падполля» (1958).
Памёр Аляксандр Свяргун 31 жніўня 1971 г. Яго імем названа вуліца ў Пружанах.
Сяргей Маслоўскі, метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Івацэвіцкай раённай бібліятэкай імя П. Пестрака.