Анастасія Мурашка – пераможца рэспубліканскага конкурсу
18 лютага ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу навукова-даследчых работ «Васількоў шапатліваю моваю». Гэты конкурс сабраў пад сваім крылом юных даследчыкаў з усіх куткоў нашай краіны. Геаграфія ўдзельнікаў ахоплівае ўсе шэсць абласцей і больш чым 70 раёнаў Беларусі. Агульная колькасць прадстаўленых работ склала 350.
Сярод гэтай плеяды таленавітых школьнікаў асабліва прыемна адзначыць дасягненне вучаніцы 11 «Б» класа ДУА «СШ № 4 г. Івацэвічы М. М. Мультана» Анастасіі Мурашкі. Яе навукова-даследчая работа была адзначана найвышэйшай узнагародай – Дыпломам I ступені!
Віншаваў з перамогай і ўручыў Дыплом Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Сцяпанавіч Каранік.
Віншуем Анастасію з гэтым выдатным дасягненнем! Таксама віншуем яе кіраўніка Зінаіду Іванаўну Велікаселец з чарговай перамогай. Жадаем Анастасіі і Зінаідзе Іванаўне новых адкрыццяў, натхнення і далейшых поспехаў у навуковай дзейнасці!









