Адзін дзень з валанцёрамі Івацэвіцкага прытулку для сабак

Карэспандэнты «ІВ» правялі з валанцёрамі частку дня, якую гэтыя прыемныя дзяўчаты затрачваюць на клопаты пра чатырохногіх сяброў у часовым прытулку ў Івацэвічах.

Сустрэліся мы раніцай а дзясятай гадзіне на кухні валанцёра Святланы, дзе яна заканчвала гатаванне ежы ў вялікай каструлі для гадаванцаў прытулку. Усё прыгатаванае – крупы і кавалкі мясных вырабаў – перакачавала ў 10-літровае вядро, каб па дарозе прахалодала. Далей да Святланы (а яна часцей за ўсё выконвае функцыі вадзіцеля ў валанцёраў) па дарозе далучыліся Аксана і Вольга, таксама з вёдрамі, у якіх была прыгатаваная ежа для сабак.

 

Сабакі сустрэлі валанцёраў і нас радасным, сяброўскім лаем. Валанцёры параскладвалі ежу па місках, налілі свежай вады. Далей яны заняліся ўборкай у вальерах.
Усё гэта валанцёры выконваюць кожны дзень. Затрачваюць яны на гэтыя клопаты больш за дзве-тры гадзіны. Трэба яшчэ заў-
важыць, што ніхто з валанцёраў не лічыць тыя сродкі, якія затрачаны элементарна на святло, ваду, газ, урэшце – паліва для машыны, бо на Сікорскага, ды з поўнымі вёдрамі, пешкі не набегаешся.

 

Незнаёмых людзей аб’яднала любоў да братоў нашых меншых
Жылі ў нашым горадзе Івацэвічы чатыры дзяўчыны: Святлана, Вольга, Аксана і Жэня, – якія, магчыма, і ведалі адну адну ў твар, аднак не былі знаёмымі, і тым больш аднадумцамі. Крыху пра кожную.
Святлана – рамеснік, цырульнік, замужам, дбайная гаспадыня і маці, яе двор буяе рознымі колерамі шматлікіх кветак, у яе сям’і гадуецца дачушка Ульяна, ёсць дома кот і два сабакі.
Вольга – індывідуальны прадпрымальнік, замужам, зараз – у адпачынку па доглядзе дзіцяці, сыночку няма яшчэ і паўго-дзіка, таксама добрая гаспадыня, у хаце з імі хапае месца і шасці чатырохногім сябрам-сабакам.
Аксана – індывідуальны прадпрымальнік, гаспадыня кветкавага магазіна, маці вельмі сур’ёзнага сына-падлетка, уладальніца двух маленькіх «ёркаў» Гучы і Бафі.
Жэня – працуе кансультантам у салоне МТС, кожныя свае выхадныя праводзіць у прытулку на Сікорскага, дзе разам з мужам ажыццяўляе догляд за сабакамі. Жэня любіць доўга бавіць час у прытулку, для яе гэта не цяжка. У яе таксама ёсць сабака Ціма.
І ўсіх гэтых зусім розных, але і ў нечым падобных (а менавіта – любоўю да чатырохногіх сяброў) людзей аб’яднала бяда, якая здарылася з бадзяжным сабакам і шчанюкамі. Непадалёк ад дома, дзе пражывае Аксана, адна пажылая жанчына дапамагала сабаку, што падкінулі ёй пад балкон. Гэта гісторыя трапіла на прасторы інтэрнэту. Так пачалася сумесная справа па выратаванні аслабленай жывёліны. А пасля ўзнікла ідэя наконт стварэння часовага прытулку для бадзяжных сабак. Ідэя была падтрымана раённымі ўладамі, і на тэрыторыі Івацэвіцкай жыллёва-камунальнай гаспадаркі з’явіліся вальеры для сабак. І распачаўся валанцёрскі рух. Дарэчы, пра часовы прытулак аўтар радкоў ведала яшчэ на стадыі ідэі і, трэба прызнацца, прыемна здзіўлена таму, наколькі зла-
джана штодзённа ідзе ў ім работа і колькі нераўнадушных людзей у нашым раёне і не толькі.
Каму месца ў прытулку?
У часовым прытулку маюць права знаходзіцца сабакі, якія трапілі падчас іх адлову камунальнікамі, і бадзяжныя сабакі. Валанцёры звяртаюцца з просьбай да лю-дзей-гаспадароў сабак: калі ваш гадаванец трапіў у прытулак (напрыклад, падчас адлову), дык, калі ласка, паклапаціся пра тое, каб яго хутчэй забраць. Вальеры абслугоўваюцца камунальнай гаспадаркай раёна, на гэта затрачаны пэўныя сродкі. Забярыце свайго сабаку як мага хутчэй! Валь-ераў на Сікорскага толькі шэсць, і, магчыма, ваш любімец займае месца бадзяжнага сабакі, які ў гэты час бегае па горадзе і можа быць і хворым, і галодным колькі дзён. І яшчэ адна ў валанцёраў просьба да жыхароў райцэнтра – не выкідвайце, калі ласка, маленькіх шчанюкоў на сметнік, на дарогі… Калі не плануеце гадаваць патомства ад сваёй сабакі-дзяўчынкі, то паклапаціцеся пра гэта заранёў – зрабіце ў ветэрынарнай клініцы стэрылізацыю, гэта не так і дорага каштуе!!!

Гісторыі і характары сабак бываюць рознымі
Пра некаторыя гісторыі раёнка ўжо расказвала. Але іх столькі, што хопіць не на адну газетную паласу.
Сабакі ў прытулак трапляюць двума шляхамі: камунальнікі дастаўляюць іх пасля адлову, і дзяўчаты прывозяць сюды тых «хвосцікаў», якія трапілі ў бяду. Напрыклад, каля чыгуначнага палатна ля станцыі Боркі былі заўважаны дзевяць шчанюкоў. Яны засталіся без маці – яе падстрэліў з ружжа мясцовы жыхар. Большая колькасць маленькіх сабак загінула пад коламі цягнікоў, а трое з іх трапілі ў прытулак на Сікорскага (жыхары патэлефанавалі валанцёрам). Гэтых малых «хвосцікаў» валанцёр Вольга хавала ў сваім гаражы (тайком ад мужа) тры дні, бо ім патрэбна была медыцынская дапамога, а ў аднаго была траўміравана лапка коламі чыгуначнага транспарту.
Ёсць у прытулку і «прыёмны бацька» – сабака, які характарызуецца спакойным, лагодным характарам. Дарэчы, трапляюць і так бы мовіць асацыяльныя сабакі, але пяшчота валанцёраў і належны догляд за пару тыдняў змяняюць іх нораў да лепшага. Дык вось: «прыёмнаму бацьку» можна даверыць малых сабак. Зараз у яго «дзіцячым садку» сем шчанюкоў: адзін хлопчык і дзяўчынкі.
Цікавая гісторыя з ёркшырскім тэр’ерам. Ён збег ад свайго гаспадара, ніхто яго не шукаў. Ды і выгляд быў у яго зусім не прэзентабельны: відаць, гэты кішэнны сабака жыў на вуліцы. А зараз Мікі (так назвала яго цяперашняя гаспадыня) жыве ў кватэры ў Маскве.
Увогуле, геаграфія населеных пунктаў, куды трапляюць выхаванцы прытулку, шырокая: Івацэвічы і ўвесь раён, Бяроза, Пружанскі раён, Баранавічы і нават Масква.
Валанцёры па магчымасці дапамагаюць з дастаўкай «хвосцікаў» да іх новага жылля і гаспадароў. Быў выпадак, калі везлі сабаку ў Пружаны і трапілі ў невялікае ДТЗ. Усё, дзякаваць Богу, абышлося. І такое бывае ў жыцці валанцёраў.
Пра нераўнадушных
Валанцёры выказваюць шчырую па-дзяку ўсім нераўнадушным людзям за іх дапамогу прытулку і гадаванцам (а такіх людзей шмат, і яны з усяго Івацэвіцкага раёна і не толькі), калектывам магазіна «Санта» і прыватнага магазіна ў Стайках за своечасовае інфармаванне пра зніжкі на ежу і мясныя вырабы для сабак, а таксама вялікі дзякуй за дапамогу сядзібе Гарчаковых, а за медыцынскую дапамогу і кансультаванне па пытаннях здароўя жывёл – вет-
урачу з Бярозы Міхаілу Міхайлавічу Мізевічу.
На дадзены момант свой дом знайшлі больш за 50 гадаванцаў з прытулку.
Дарэчы, рэдакцыя «ІВ» наведала прытулак не з пустымі рукамі. На 30 рублёў мы набылі для гадаванцаў прытулку крупы, макароны і кансервы. Гэтага прадуктовага набору за невялікія грошы хопіць сабакам на два тыдні. Дапамога не бывае маленькай. Далучайцеся!

Калі ў вас ёсць жаданне стаць сябрам для выхаванцаў часовага прытулку, падарыць ім сваю любоў і ўвагу, альбо проста дапамагчы валанцёрам у іх няпростай справе, тэлефануйце па нумарах:
• (8-029) 525-44-15 (Святлана);
• (8-029) 523-45-40 (Аксана);
• (8-033) 323-44-40 (Вольга);
• (8-029) 222-83-98 (Жэня).

Юлія Кавалёва,
Ганна Ільяшэвіч (фота).