Сям’я Пазняк з Целяхан будзе прадстаўляць Івацэвіцкі раён на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «Уладар сяла-2020»

У гэтым годзе конкурс будзе праходзіць у анлайн-фармаце.
У сям’і Сяргея і Марыны Пазняк падрастаюць трое дзетак: дзевяцігадовая Ганна, сямігадовы Арсеній і чатырохгадовы Аляксандр.
Сяргей працуе ў РУП «Белтэлекам» электрамеханікам сувязі, Марына – выхавацелем у ДУА «Яслі-сад №2 г. п. Целяханы». Жыццёвы дэвіз гэтай сям’і: «Не важна, якога памеру ў цябе дом, важна, колькі шчасця ў ім!»
На раённы этап сям’я Пазняк прадставіла крэатыўныя відэа-ролікі, якія былі створаны з вялікай фантазіяй. Так, гаспадыня дома расказала і паказала свой прыся-
дзібны ўчастак, як стваралася дзіцячая гульнявая пляцоўка, што расце на сямейным агародзе.
Дзецям прывіваюць любоў да братоў нашых меншых – яны даглядаюць маленькіх трусікаў. На ўчастку растуць тры туйкі – па колькасці дзяцей, а вакол іх вольныя месцы, каб потым пасадзіць яшчэ – у гонар унукаў.
Існуе ў сям’і Пазняк добрая традыцыя – вячэрняе чаяпіцце на тэрасе дома, дзе можна атрымаць задавальненне не толькі ад свежага паветра і птушыных спеваў, а і пагаварыць па душах, даведацца, як у кожнага прайшоў дзень.
Расказалі ў відэароліках і пра сямейныя хобі – разам усе любяць ездзіць у велападарожжы, а калі надвор’е гэтаму не спрыяе, збіраюцца, каб згуляць у настольную гульню. Акрамя агульных хобі, дачка з маці займаецца рукадзеллем – ствараюць прыгожыя хэнд-мэйд вырабы, а хлопцы любяць складаць розныя кампазіцыі з канструктара «Лега».
Сям’я Пазняк атрымала падарункі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Івацэвіцкага райвыканкама. Цяпер відэаработы гэтай сям’і адправяцца на абласны этап.
Жадаем перамогі!
Ганна Ільяшэвіч,
фота аўтара.