Трое жыхароў Івацэвічаў за апошнія дні прыцягнуты да адказнасці і пакараны рублём за распіццё алкагольных вырабаў на пляжы.

Па-сапраўднаму летняе, спякотнае надвор’е “запрашае” нашых грамадзян на пляжы. На берагах вадаёмаў часам і праўда няма дзе яблыку ўпасці! Але сюды некаторыя грамадзяне бяруць не толькі надзіманыя матрацы ці супрацьсонечны крэм – цягнуць сюды і спіртныя напоі. Але ж пляж ці зона адпачынку – грамадскае месца, дзе забараняецца распіваць алкагольныя вырабы.

На жаль, не ўсе пра гэта думаюць. 

Трое жыхароў Івацэвічаў за апошнія дні прыцягнуты да адказнасці і пакараны рублём за распіццё алкагольных вырабаў на пляжы. Вымушаны канстатаваць: у гэтых месцах адпачынку нямала людзей нецвярозых. І пакаранне рублём – не самае страшнае, што можа чакаць п’янага купальшчыка. Больш страшна тое, што ў такім стане людзі ідуць у ваду і… тонуць. Нічога дзіўнага: больш за палову з ліку тых, хто гіне на вадаёмах Брэсцкай вобласці, – нецвярозыя асобы.

Супрацоўнікі нашага райаддзела міліцыі будуць і надалей строга сачыць за тым, каб пляж стаў максімальна “цвярозым”. Ад гэтага выйграюць усе. Таму не здзіўляйцеся, калі ўбачыце на пляжы міліцыянера.

Яўген МІХНЮК, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Івацэвіцкага РАУС.