Дзе і колькі каштуе рыбалка на Івацэвіччыне?

– Наш зяць, мінчанін, – заядлы рыбалоў. Дзеля рыбалкі накіроўваўся раней у Карэлію, Прыбалтыку… Нават у Фінляндыю ездзіў з сябрамі! Але пандэмія ў бягучым годзе парушыла яго планы. У ліпені ён прыедзе на некалькі тыдняў да нас, адпачынак правядзе ў Івацэвіцкім раёне. Пацікавіўся ў мяне, дзе можна парыбачыць на Івацэвіччыне? Якія вадаёмы зарыбленыя? Дзе платная рыбалка? Яго пытанні паставілі мяне ў тупік – я і не ведаю дакладна, дзе платная рыбалка ў нашым раёне, а дзе – не… Раскажыце больш падрабязна, калі ласка.
Іван Антонавіч Ф., жыхар адной з вёсак Целяханшчыны.
Пытанне нашага чытача мы пераадрасавалі Паўлу Пясецкаму, першаму намесніку начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама:
– Шэсць вадаёмаў у нашым раёне арандаваныя, рыбалка на пяці з іх платная. Калі казаць больш дакладна, то вадаём «Ставы» (каля Косаўскага замка ў бок Мілеек) перададзены ў арэнду толькі для рыбаводства, там прыватнік разводзіць карпа, а на Косаўскім, Няхачаўскім (каля кафэ «Ермаковіча В. Н.»), сажалцы «Журавец», на Выганашчанскім і Бабровіцкім азёрах арганізавана і аматарская лоўля рыбы. Цэны на кожным вадаёме розныя, як і яго «профіль». Так, на Выганашчанскае і Бабровіцкае едуць тыя рыбаловы, хто жадае лавіць карпа ці карася, на «Журавец» – аматары лавіць шчупака…
– Павел Аляксандравіч, астатнія вадаёмы раёна таксама чакаюць арандатара?
– Тыя водныя аб’екты, дзе знаходзяцца зоны адпачынку ці якія знаходзяцца ў населеных пунктах, не могуць быць перададзенымі ў арэнду. Такім чынам, Івацэвіцкае першае ці другое азёры, Чамялоўскае, Сомінскае, Вулька-Целяханскае і шэраг іншых вадаёмаў не чакаюць арандатара. Ёсць некалькі дробных азёр, накшталт «Манцюты» ў Быценскім сельсавеце, якім патрабуецца гаспадар, але на самай справе такіх вадаёмаў у нашым раёне нямнога.
Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ.
Для даведкі. Цэны на арандуемых вадаёмах розныя. Да прыкладу, на «Жураўцы» пяць рублёў каштуе рыбалка, на Выганашчан-скім і Бабровіцкім – 10 рублёў за лоўлю з берага (для інвалідаў, шматдзетных, пастаянна пражываючых у Бабровічах і Выганашчах – зніжкі да 50 працэнтаў). Цэны на Косаўскім возеры наступныя: для мясцовых жыхароў з Косава, Квасевічаў і вёсак Мілейкаўскага сельсавета – 14 рублёў за суткі, за светлавы дзень – 7 рублёў 50 капеек. Для прыезджых гэтыя цэны ў два разы вышэй. Кожны, хто пажадае рыбачыць на возеры каля кафэ «Ермаковіча В. Н.», павінен заплаціць 30 рублёў за суткі. Такую цану вызначыў арандатар. На неарандуемых вадаёмах лоўля, зразумела, бясплатная.