З Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь!

Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь – наша галоўнае свята, бо за словам «незалежнасць» ёсць неаспрэчны факт існавання нас як нацыі, як народа, як краіны. Незалежнасць – гэта магчымасць нам самім вырашаць свой лёс, будаваць сваю будучыню. Незалежнасць – гэта наша неад’емнае права на гістарычную пераемнасць, свае традыцыі, сваё бачанне сябе ў свеце. Незалежнасць – гэта заваяваная ў баях і адстоеная ў мірнай узнаўленчай працы магчымасць быць гаспадаром у сваім доме, імя якому – Беларусь.

У гэты дзень мы нізка схіляем галовы, ушаноўваючы памяць загінулых у баях, з пашанай згадваем імёны папярэднікаў, якія сваёй адданай працай узнімалі краіну з руін, выказваем шчырыя словы падзякі сённяшнім працаўнікам, чыя праца скіравана на працвітанне і дабрабыт роднай зямлі.

Са святам, дарагія землякі! Хай будзе над усімі намі мірнае неба, хай кожны дзень будзе напоўнены светлымі пачуццямі, хай будзе дом кожнага ўтульным і цёплым ад шчырых пачуццяў! Жадаем усім моцнага здароўя, поспехаў у справах, дабрабыту, асабістага шчасця.

ІВАЦЭВІЦКІ РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ.

ПРЭЗІДЫУМ РАЁННАГА САВЕТА ДЭПУТАТАЎ

 

Ускладаннем кветак да помнікаў загінуўшым за свабоду нашай краіны пачаўся сённяшні святочны дзень у Івацэвіцкім раёне. У райцэнтры да помніка на брацкай магіле ў скверы па вуліцы Савецкай усклалі кветкі старшыня райвыканкама Аляксандр Грыцук, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Сарока, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Івацэвіцкай выбарчай акрузе №11 Наталля Голуб,   намеснікі старшыні райвыканкама Раман Жук, Наталля Аляхновіч, Андрэй Рэгес, Алег Раўчэня, кіраўнік спраў райвыканкама Ірына Краўчук, выконваючы абавязкі начальніка аддзела унутраных спраў райвыканкама Ігар Пастушын.

Пасля хвіліны маўчання актывісты раённай арганізацыі БРСМ правялі сімвалічную акцыю: адорвалі прысутных пачастункам – яблыкам, упрыгожаным стужачкай з нацыянальнай сімволікай.