Лазня ў перыяд пандэміі: ёсць «за», але многа «супраць»

У райгазету звярнулася Галіна Уладзіміраўна Л. (прозвішча і адрас ёсць у рэдакцыі), жыхарка адной з вёсак нашага раёна. Жанчына абураецца на тое, што ў Івацэвічах не працуе лазня – ні леспрамгасаўская, ні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, таму цётка яе мужа вымушана накіроўвацца ў лазню да прыватніка ў в. Воля.
– Нашай цётачцы ўжо 73 гады, яна адзінокая жанчына. Пражывае ў прыватным доме у Івацэвічах, у яе няма камунальных зручнасцяў, вада – толькі халодная. Лазня ў гэтым сэнсе для яе значная дапамога. Але ў сувязі з каранавірусам пазакрываліся яны. Добра, што ёсць прыватныя, але ж не будзе жанчына ўсё жыццё ездзіць «на перакладных» у Волю? А калі гэтая пандэмія зацягнецца?..
Як паведаміў «ІВ» генеральны дырэктар ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» Аляксандр Кісель, у апошнія выхадныя чэрвеня амаль усе лазні ў нашым раёне запрацавалі, у тым ліку і ў Івацэвічах, на вул. 60 год Кастрычніка. Не працуе толькі ў Любішчыцах, работніца якой некалькі тыдняў таму памерла ад хранічных захворванняў, ускладненых каранавірусам. Гэтая хвароба, як бачыце, напрамую, паўплывала на работу дадзеных аб’ектаў. Па словах генеральнага дырэктара, нельга сказаць, што адкладзены попыт неяк паўплываў на аматараў папарыцца: у першыя дні пасля адкрыцця лазні прыйшло мыцца толькі 10 жанчын і 30 мужчын.
Аўтар публікацыі звярнуўся да галоўнага ўрача УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ» Васіля Юзэфовіча і галоўнага санітарнага ўрача ДУ «Івацэвіцкая РЦГіЭ» Аляксандра Ковыша з просьбай расказаць пра сваё бачанне праблемы распаўсюджання каранавіруса і работы лазняў. Па словах гэтых кіраўнікоў, грамадская лазня павышае рызыку заражэння каварным захворваннем і што лепш старацца мыцца ў любых іншых умовах. Тым болей, для нашага раёна лазня – месца масавага знаходжання людзей – аб’ект асаблівы; менавіта наведвальнікі яе першымі ў нашым раёне захварэлі на каранавірус. Таму, калі ёсць любыя іншыя магчымасці памыцца, лепш, па меркаванні ўрачоў, скарыстаць іх і мыцца ў індывідуальным парадку.
Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ.