У Целяханскім лясгасе – новы сушыльны комплекс

Новую сушылку месяц назад запусцілі ў ДЛГУ «Целяханскі лясгас».

Абсталяванне комплексу – дзве сушыльныя камеры кітайскай вытворчасці, магутнасцю  300 кубаметраў сухіх піламатэрыялаў. А акалічнасць, што піламатэрыял высушаны, дадае пры яго экспарце па 20 еўра да кошту за кожны кубаметр.   

У камеры загружаюцца на сушку не толькі піламатэрыял, а і акораная прадукцыя – усяго 120 кубаметраў за адзін цыкл сушкі. Працягласць цыкла сушкі залежыць ад вільготнасці прадукцыі, памеру і таўшчыні піламатэрыялаў.

– Для прадукцыі таўшчынёй 19-25 мм спатрэбіцца каля пяці дзён сушкі, каб дасягнуць вільготнасці матэрыялу ў межах 14-19 працэнтаў, – расказвае галоўны інжынер Целяханскага лясгаса Сяргей Макарэвіч. – Сушыльны комплекс працуе ў аўтаматычным рэжыме. Пагрузчык дастаўляе і загружае ў бункер шчапу, начальнік цэха выстаўляе праграму сушкі прадукцыі і на гэтым удзел чалавека заканчваецца.

Кошт сушыльнага комплексу разам з кацельным  і дапаможным абсталяваннем, які набылі ў лізінг, склаў каля 380 тысяч рублёў.

Пакуль лясгас абмежаваўся набыццём дзвюх камер, але ў будучым, калі рынак піламатэрыялаў усталюецца, сушыльную гаспадарку плануецца пашырыць удвая.

Валянціна БОБРЫК.