Майстры народнай творчасці Івацэвіцкага раёна прадставілі Брэстчыну ў Віцебску на Дні беларускага брэнда

4 ліпеня майстры народнай творчасці Івацэвіцкага раёна прадстаўлялі Брэстчыну ў Віцебску на Дні беларускага брэнда “Свой сярод сваіх”, які праводзіўся ўпершыню.

Паездка была турботнай і складанай ужо тым, што ехаць – няблізкі свет, але ўразіла ўдзельнікаў з нашага раёна размахам і разнастайнасцю захапленняў беларусаў. Чаго і каго тут толькі не было!

Метадыст Алена Шэлест, якая была разам з нашымі майстрамі, казала, што стаць удзельнікамі такога кшталту выстаўкі было ганарова, работы нашых майстроў глядзеліся годна, адно што людзей на вуліцах было не надта, мо, баяцца яшчэ падхапіць каранавірус. Нашых жа нічога не магло засмуціць, было цікава пазнаёміцца з горадам, паказаць сябе, паглядзець на ўзровень работ іншых майстроў.

У Белбрэндзе прымалі ўдзел майстры народнай творчасці: Святлана Міхнікевіч з Івацэвічаў, Лілія Стацэнка і Сяргей Рак – з Целяхан. Святлана Міхнікевіч была з выстаўкай арыгінальных вышытых рушнікоў і  “падушачак-пачуццяў” – “Міламу”, “Каханай”, “Для цябе”, “Івацэвічы”, “Любімаму мужу”, “Вераніцы”, “Будучаму абаронцу Айчыны”… Сяргей Рак з Целяхан славіцца сваімі драўлянымі лыжкамі, лапаткамі, дошчачкамі і іншай сувенірнай прадукцыяй з выпальваннем па дрэве, а Лілія Стацэнка – казачнай прыгажосці лялькамі, якія яна рыхтуе з мужам Віктарам.

Майстры выказвалі ўдзячнасць Святлане Завадскай, начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і моладзі райвыканкама, за прадстаўлены транспарт, Алене Шэлест, метадысту ДУК “Івацэвіцкая клубная сетка”, – за незабыўныя ўражанні.

Валянціна БОБРЫК.