У Івацэвіцкім раёне паспелі чарніцы. Цана на ягаду ўзрасла да 3.60 рубля.

Цана на ягады стартавала з 2 рублёў за кілаграм, потым паднялася да 3 рублёў, а з 8 ліпеня – 3.60 рубля (летась сярэдняя цана вагалася ў межах 3.47 рубля). Нарыхтоўкай беларускага ляснога «чорнага золата» займаюцца ад райспажыўтаварыства 61 магазін і 36 нарыхтоўшчыкаў.
За першы тыдзень нарыхтавана 13 тон 800 кілаграмаў чарніц, з іх Целяханскім філіялам – звыш пяці тон.
Як патлумачыла старшыня праўлення Івацэвіцкага райста Алена Куратнік, цана на чарніцы фарміруецца пасля дасканалага вывучэння попыту на гэтую багатую на вітаміны і мікраэлементы ягаду не толькі ў раёне, а і ў краіне, і за мяжой. Улічваюцца пры фарміраванні цаны і затраты: на захаванне, дапрацоўку, замарозку, адгрузку…
Летась Івацэвіцкае райста было лепшым у вобласці па нарыхтоўцы чарніц – нарыхтавалі 95 тон. З іх 80 тон было адпраўлена на экспарт у Літву і Польшчу.
Акрамя чарніц, Івацэвіцкім райста сёлета нарыхтаваны 29 тон клубніц, лісічак – 400 кілаграмаў, тут прымаюць вішню, чарэшню, чорную і чырвоную парэчку, агуркі, маладую бульбу, капусту.

20-ы сезон прымае чарніцы і іншыя дары лесу і агародаў нарыхтоўшчыца Святлана Фядковіч, гаспадыня пункта нарыхтоўкі ў Целяханах Целяханскага філіяла Івацэвіцкага райста. За першы тыдзень яна нарыхтавала каля адной тоны чарніц. Жанчына адзначыла, што лепшыя і пастаянныя здатчыкі ў яе Зоя Віктаровіч з дачкой Наталляй – штодзень здаюць па 40 кілаграмаў ягад, Пётр Бобрык, Аляксей Кармановіч –
па 16-20 кілаграмаў. А ёсць і рэкардсмены, якія за дзень могуць здаць ягады на 120 рублёў.

Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.