97 дзяцей адпачываюць у “Дубравачцы” на першай змене

З 9 ліпеня ў дзяржаўнай выхаваўча-аздараўленчай установе адукацыі «Аздарўленчы лагер «Дубравачка» Івацэвіцкага раёна» пачалася першая змена. На адпачынак сюды прыехала 97 дзяцей з розных куточкаў Івацэвіцкага раёна.

Мы адправіліся туды, каб даведацца, як арганізаваны летні адпачынак для дзяцей ва ўмовах цяперашняй эпідабстаноўкі.
Трэба адразу сказаць, што на тэрыторыю лагера нас пусцілі толькі ў медыцынскіх масках і пальчатках, папярэдне пацікавіўшыся ці ёсць у нас прыкметы захворвання. Забягаючы наперад скажам, што ў гэтым годзе доступ на тэрыторыю лагера забаронены нават бацькам. Нас сустрэла начальнік лагера Алена Грабун, у якой мы і пацікавіліся, як сёлета дзеці адпачываюць ў лагеры і ці адбілася эпідабстаноўка на напаўняльнасці змен.
– У нас дзейнічаюць абмежавальныя меры па колькасці адпачываючых – 105 чалавек у змену, у сярэднім – 20 на атрад. На заездзе ўсе прайшлі медагляд. Сёлета гэта неабходнасць – тройчы на дзень мераем тэмператру дзецям, вынікі заносяцца ў спецыяльны журнал. Усе агульналагерныя мерапрыемствы праводзім на вольным паветры, надвор’е дазваляе, – расказала Алена Грабун. – У гэтым годзе шмат унутрыатрадных мерапрыемстваў. Увогуле, атрады намагаемся аддзяляць: у сталоўку спачатку ідуць першыя тры атрады, потым праходзіць вільготная ўборка з дэзсродкамі, тады прыходзяць яшчэ два атрады. За сталамі ў сталоўцы дзеці сядзяць з тымі, з кім жывуць ў пакоях. У пакоях, якія разлічаны на 5 чалавек, цяпер жывуць па трое. Уборка з дэзросдкамі праводзіцца ў карпусах тры разы на дзень. Бо гэта важная мера ў недапушчэнні распаўсюджвання інфекцыі. У «Дубравачцы» працуе ўрач агульнай практыкі і тры медыцынскія сястры, якія гатовы аказаць любую медыцынскую дапамогу. Але ў нас усе дзеці здаровыя. Адміністрацыя лагера, важатыя, медыцынскія работнікі і работнікі харчаблоку ўвогуле не пакідаюць тэрыторыю лагера.

Як прызнаецца Алена Грабун, цяжкасцей такі рэжым не стварае. За месяцы пандэміі ўсё ўжо прывыклі старанна мыць рукі, карыстацца антысептыкам і масак не палохаюцца – такі ўжо гэты год.
Як ужо было сказана вышэй, у гэтым годзе ў лагеры адмовіліся ад правядзення бацькоўскага дня. Але гэта не праблема, бо ў лагера ёсць свае групы ў сацыяльных сетках, дзе бацькі могуць на фотаздымках убачыць, як весела і насычана бавяць свой час іх дзеці.


Ва ўсім іншым гэта звычайная змена ў дзіцячым лагеры: звіняць дзіцячыя галасы – гэта каля карпусоў праходзяць спартыўныя эстафеты, каму даспадобы іншы від адпачынку – той майструе падзелкі, хтосьці малюе.
І вось весела скандзіруючы дэвіз атрада, дзеці кіруюцца ў сталовую на абед. Розныя атрады ўваходзяць у памяшканне праз розныя дзверы, рассаджваюцца за сталы: адлегласць паміж рознымі атрадамі большая за два метры. На абед у адпачываючых – боршч, плоў, салат з памідораў і кампот са свежых яблыкаў. Харчаванне ў лагеры – пяціразовае, збалансаванае, смачнае і вельмі карыснае. Як дадае начальнік лагера Алена Грабун, у гэтым годзе меню вельмі разнастайнае, каб дагадзіць густам любога, нават самага пераборлівага маленькага гурмана. Напрыклад, у дзень калі мы наведвалі лагер, на падвячорак у меню значылася піца.
– Думаю, што заразіцца дзіцяці каранавірусам за тэрыторыяй лагера, дома, значна прасцей, чым тут. Па сутнасці, рабяты ізаляваныя і пастаянна пад медыцынскім кантролем. А ў горадзе дзіця ў кватэры не ўтрымаеш. Тым больш, у лагеры дзеці яшчэ і «вітамінізаваныя» – у іх выдатнае харчаванне, з рознымі відамі садавіны, гародніны, сокамі, рыбай, мясам, што вельмі важна для імунітэту, – дадала дырэктар лагера.
Пэўна, бацькі школьнікаў і самі прыйшлі да такіх высноў, бо пуцёўкі ў лагер на другую змену ўжо амаль раскупленыя, а гэта значыць, што летняя весялосць у «Дубравачцы» працягваецца.

Ганна Ільяшэвіч,
фота Валерыя Міскевіча.