Калі вуліца можа стаць небяспечнай

На жаль, акрамя праезнай часткі, у пэўны час і бяскрыўдныя месцы могуць несці пагрозу вашай фізічнай, матэрыяльнай і псіхалагічнай бяспецы. Прабачце, што пачну з агульнавядомага. Дзяржава, калі казаць вельмі спрошчана, – гэта згуртаванне людзей на нейкай тэрыторыі, якія вырашылі жыць па законах. Каб прымаць і распрацоўваць гэтыя законы, каб забяспечыць іх няўхільнае выкананне, тым жа грамадствам ствараюцца адпаведныя інстытуты: заканадаўчыя органы, судовыя, органы аховы парадку ўнутры краіны і яе межаў і гэтак далей. Законы, у першую чаргу, павінны працаваць на бяспеку жыцця кожнага грамадзяніна, абарону яго годнасці, абарону тых каштоўнасцей, якія належаць грамадству.

Сеціўны «беспредел»
Гэта назіраецца яшчэ ад пачатку
ўзнікнення інтэрнэту. Ужо тады цябе маглі і адкрыта абразіць, і паклёпнічаць, і распаўсюдзіць плёткі. Сёння ёсць сацыяльныя сеткі. Нехта хаваецца за тымі ж нікамі, нехта падпісвае сваю старонку. Але ў любым выпадку кожны ўладальнік старонкі ў сацсетках можа быць ідэнтыфікаваны адпаведнымі органамі.
Абразы, парушэнне норм маралі і законаў не спыняюцца. Самага рознага
кшталту.
У адной сеціўнай групе жыхарка Івацэвічаў пачынае паліваць брудам работніцу адной установы. Больш за тое, выкладае на старонкі перапіску з ёй.
Адразу два парушэнні заканадаўства: абраза і публікацыя асабістай перапіскі без дазволу…
Быў выпадак, калі ў нашай групе ў «ВК» была абражана беларуская мова. Вось тут мы ўжо не ўцярпелі: мной была напісана заява, каб аўтара абразлівага каментарыя прыцягнулі да адказнасці. Адпаведныя органы правялі лінгвістычную экспертызу: абраза была пацверджана. Быў устаноўлены аўтар каментарыя. Чалавек зразумеў, што парушыў закон: выдаліў не толькі свой каментарый, але і перапіску са мной, у якой, дарэчы, хапала абраз.
Хачу сказаць наперад: у будучым нечага падобнага цярпець мы не будзем.
Сваю пазіцыю мае права мець кожны. Але выяўляць яе дазволена ў межах закона.
Градус палітызаванасці грамадства расце дзень ада дня. Не буду пераказваць тыя далёка не самыя вясёлыя навіны, якія выклікаюць рэзананс. Проста па-чалавечы хочацца папрасіць усіх і кожнага: думайце хоць бы за крок наперад.
Нядаўні выпадак у Івацэвічах: нейкі грамадзянін вырашыў правесці пікет. Прыйшоў, стаў і стаяў у адным месцы дзве гадзіны. Яго ніхто не затрымліваў, абышлося. Хто ведае, можа, і таму, што абышлося для чалавека без аніякіх наступстваў, ён не спыніўся і ў сваім каментары ў сеціве адносна свайго ўчынку ўжо прама абразіў міліцыю.
Прабачце за прамату, але ж гэта ўжо дурасць. На тваё парушэнне закона не звярнулі ўвагі, але табе ўсё адно хочацца нарвацца на непрыемнасці?
Як стоячы ў адным месцы, можна парушыць закон
Нехта, можа, і здзівіўся з майго безапеляцыйнага ў адносінах да мужчыны – «парушыў закон». Парушыў. І вось чаму.
Ведаем, што для выказвання публічна сваёй пазіцыі Канстытуцыя нашай краіны прадугледжвае і магчымасць правядзення масавых мерапрыемстваў.
Але. Для правядзення любога масавага мерапрыемства неабходна за 15 дзён да яго правядзення звярнуцца ў выканаўчыя ці распарадчыя органы па месцы. Там павінны разгледзець заяву і вынесці сваё рашэнне: дазволіць у дадзены час і месцы правядзенне акцыі ці не. Пры гэтым абавязкова ўлічваецца: хто будзе ахоўваць грамадскі парадак пры правядзенні мерапрыемства, медыцынскае абслугоўванне. Масавае мерапрыемства без дазволу – забараняецца.
Цяпер прашу звярнуць увагу на вось які момант. Закон аб масавых мерапрыемствах дакладна гаворыць, што адносіцца да масавых мерапрыемстваў: сход, мітынг, вулічнае шэсце, пікетаванне.
Цяпер вытрымка з Закона: «пикетирование – публичное выражение гражданином или группой граждан общественно-политических, групповых, личных и иных интересов либо протеста (без шествия)… К пикетированию приравнивается совместное массовое присутствие граждан в заранее определенном общественном месте (в том числе под открытым небом) в установленное время для совершения заранее определенного деяния, организованное (в том числе через глобальную компьютерную сеть Интернет или иные информационные сети) для публичного выражения своих общественно-политических интересов или протеста».
І значыць, стаянне ў нейкім месцы нават аднаго чалавека з канкрэтнай мэтай – для выказвання сваёй пазіцыі па нейкім пытанні – масавае мерапрыемства.
Калі просьба ёсць патрабаванне
Міліцыя – служба аховы правапарадку. Калі парадак парушаецца – міліцыя павінна прымаць меры. Такім чынам, калі міліцыянер ведае аб правядзенні масавага мерапрыемства, на які не быў атрыманы дазвол, ён павінен спыніць яго правядзенне.
Для гэтага існуе пэўная працэдура. Найперш да ўдзельнікаў даводзіцца факт таго, што яны ўдзельнічаюць у незаконным мерапрыемстве. І такім чынам парушаюць пэўны артыкул адміністрацыйнага кодэкса. Далей ідуць словы «Прашу вас разысціся!». Альбо наадварот: напачатку словы просьбы, а пасля – тлумачэнне, чаму вы павінны на просьбу адрэагаваць.
Дык вось, просьба да вас у спалучэнні з тлумачэннем аб тым, што вы ўдзельнічаеце ў незаконным масавым мерапрыемстве, і ёсць патрабаванне. Пасля, калі вы праігнаравалі гэтыя словы, міліцыянер абавязаны пачаць адміністрацыйны працэс. І ён пачынаецца з затрымання вас.
Не махайце рукамі…
Паўтаруся: міліцыянер выконвае загад, ён абавязаны падпарадкавацца загаду, тым больш, калі бачыць, што перад ім сапраўды парушэнне Закона аб масавых мерапрыемствах. Навошта вас затрымліваць? Каб прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці.
Бо вы, калі «не пачулі» просьбу-папярэджанне пакінуць месца, парушылі адразу два артыкулы адміністрацыйнага кодэкса.
Першае парушэнне: удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Другое парушэнне: непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўніка міліцыі.
Калі пры затрыманні вас і накіраванні ў райаддзел вы будзеце супраціўляцца, упірацца – гэта яшчэ адно парушэнне закона – супраціўленне работнікам міліцыі.
Не прывядзі Бог, пачняце адштурхваць міліцыянера, схопіце яго за вопратку, станеце махаць рукамі – гэта можа быць расцэнена як гвалтоўныя дзеянні супраць работнікаў правапарадку.
Такім чынам, вельмі лёгка «зарабіць» ажно чатыры артыкулы. Апошні з якіх можа стаць і крымінальным.
Наступствы могуць быць далёка не бяскрыўдныя
Не стану тут пісаць, якія штрафы за што прадугледжаны. Не маленькія, гэта дакладна. Цяпер аб далейшай працэдуры колькі слоў, бо гэта надзвычай важна.
За ўдзел у недазволеным масавым мерапрыемстве і іншыя, вышэй пералічаныя парушэнні, ступень віны і пакаранне вызначае суд.
Вельмі важны момант: да суда вы можаце быць затрыманы ў мэтах забеспячэння правасуддзя. І тым больш вас затрымаюць і не выпусцяць да суда, калі вас затрымалі ў іншым горадзе.
Уявім: пятніца, вечар, вы гуляеце з жонкай (мужам) па вуліцы, бачыце добрую купку людзей, там знаёмыя. Падышлі, спыталі: што за сход. Вам, напрыклад, тлумачаць, што сабраліся, бо незадаволеныя нечым ці некім. Вы размаўляеце…
І ў гэты момант чуеце просьбу міліцыянера разысціся, які тлумачыць: чаму тое трэба зрабіць. Самае разумнае, што вы можаце зрабіць, – сысці. Бо пры затрыманні ніякі работнік міліцыі не стане слухаць вашых апраўданняў кшталту: я вось міма праходзіў. Бо ён папярэдзіў усіх!
Вас затрымалі. А заўтра і паслязаўтра – выхадныя дні. Суд не працуе да панядзелка. Суд прысудзіць вам пакаранне, скажам, штраф. Яўрэі кажуць, што калі праблема вырашаецца грашыма, то гэта не праблема, а расходы. І сапраўды, штраф – найменшае зло.
Тры дні вашага жыцця пройдуць міма вас. Мажліва, вы працуеце недзе вахтавым метадам, магчыма – пазменна. Ці ў паня-
дзелак вам у камандзіроўку, у рэйс. Так, даведка аб тым, што вы былі затрыманыя органамі міліцыі і таму не маглі з’явіцца на працу, можа быць апраўдальным дакументам. Але ці зможа лісток паперы зберагчы вас ад усіх наступстваў затрымання? І што будзе з вашай працай, дзелавымі стасункамі з кліентамі, з вашай кар’ерай, калі суд прысудзіць вам пакаранне – адміністрацыйны арышт на 5 ці 15 сутак?
Мы жывём побач…
Некалі ў арміі, будучы ў горадзе ў нядзелю на звальненні, быў памылкова затрыманы міліцыяй. Усё мінулася, а вось пачуццё тваёй раптоўнай бяспраўнасці, немагчымасці хоць неяк паўплываць на свой лёс, засталіся. Самае горкае пачуццё, якое не вытравілася з памяці.
Затрыманне, арышт, суд, штраф – усё гэта магчымае мінецца з часам. Але застануцца пачуцці. Горыч і боль.
І ўсё гэта будзе ўтрая большае ад таго, калі вас затрымае, магчыма, ваш сусед па доме. Ці па вуліцы. Той самы міліцыянер, дзеці якога ходзяць з вашымі ў школу.
І вы станеце ворагамі. Бо ў сваіх бедах вы будзеце вінаваціць яго. А ён усяго толь-
кі выконваў загад.
Гэта, лічу, самае страшнае, што можа здарыцца, – калі ў нас з’яўляюцца тыя, каго мы лічым ворагамі побач з сабой.
Толькі ад нас саміх залежыць, кім мы застанёмся.