На першай змене ў Дубравачцы працуе педагагічны студатрад райкама ГА “БРСМ”

На першай змене ў дзяржаўнай выхаваўча-аздараўленчай установе адукацыі «Аздараўленчы лагер «Дубравачка» Івацэвіцкага раёна», якая пачалася з 9 ліпеня, традыцыйна шчыруе педагагічны студатрад райкама «БРСМ».
Сёлета ў студатрадзе – 14 маладых людзей, жыццё якіх звязана з педагогікай – некаторыя ўжо працуюць настаўнікамі, некаторыя навучаюцца гэтай справе ва ўніверсітэтах. Адны працуюць не першы год, для другіх праца ў студатрадзе – упершыню. Але ўсе яны ўпэўненыя, што гэта – добрая магчымасць атрымаць першы вопыт у прафесіі, сумясціць працу і заробак з цудоўным адпачынкам на прыродзе.
Як адзначыла дырэктар лагера Алена Грабун, моладзь спраўляецца з прафесійнымі абавязкамі важатых на выдатна, ды і дзеці надта любяць маладых выхавацеляў. Канешне, студатрадаўцам часам бывае патрэбна дапамога, тады выручаюць старэйшыя калегі, якія і справай, і словам, і ўласным прыкладам заўсёды дапамогуць.
Студэнткі Брэсцкага ўніверсітэта ім. Пушкіна Ганна Янковіч і Уладзіслава Клундук працуюць у складзе студатрада ўпершыню, для іх гэта выдатная магчымасць спалучыць працу ў студатрадзе з праходжаннем практыкі.


– Мы плануем працаваць па спецыяльнасці, таму нам вельмі важна набрацца вопыту. Канешне, тэорыя важная, але на практыцы ўсё па-іншаму, таму студатрад для нас – гэта першы вопыт педагагічнай дзейнасці. Спачатку хваляваліся, бо ўсё ж у першы раз, але цяпер бачым, што калектыў дружны, падказваем адно аднаму. Праца з дзецьмі ды на свежым паветры – у радасць, – расказалі Ганна і Уладзіслава. – Да кожнага – свой падыход. У гэтай змене ёсць дзеці з інтэрнатаў, з імі складаней, але мы з усімі знайшлі агульную мову. Намагаемся зрабіць атрадныя мерапрыемствы цікавымі для дзяцей, таму праводзім апытанне. Бяспройгрышны варыянт – спартыўныя эстафеты і рухомыя гульні. Іх любяць усе!
А вось Аляксандра Кулінка ўжо пятае лета запар па дзве змены праводзіць у «Дубравачцы». Кажа, што ў 2015 годзе, калі ўпершыню патрапіла сюды на практыку, літаральна ўлюбілася ў гэтае месца.
– Глядзіце, якая навокал прыгажосць, а паветра якое чыстае! Працаваць тут – асалода, таму і вяртаюся сюды з года ў год. Памятаю кожную змену, але гэта асаблівая, бо свае карэктывы ўнесла эпідэмія каранавіруса, – расказала Аляксандра Кулінка. – На самой справе, новаўвядзенняў няшмат, самае галоўнае – зменшылася колькасць дзяцей у атрадзе. Я нават думаю, што тыя, хто трапіў сюды ў гэтую пару, шчасліўчыкі. Бо адпачынак стаў больш камфортным: кожнаму дзіцяці надаецца больш увагі, атмасфера ў лагеры спакойная і ціхая. Для мяне праца ў студатрадзе – гэта заўсёды штосьці новае. Ты кантактуеш не толькі з дзецьмі, а і з іншымі важатымі-студатрадаўцамі, а гэта заўсёды новы вопыт і веды.
Ганна Ільяшэвіч, фота аўтара.