Медыцынскім работнікам УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” уручаныя ўзнагароды

УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ» вяртаецца да работы ў звычайным рытме пасля пандэміі. І гэта стала нагодай адзначыць работу лепшых медыцынскіх работнікаў, якія шчыра і добрасумленна аказвалі дапамогу пацыентам з СOVID-19.
23 ліпеня ва ўрачыстай абстаноўцы Граматы і Падзяку Івацэвіцкага райвыканкама, а таксама грашовыя прэміі ўручыў тром медыцынскім работнікам райбальніцы старшыня райвыканкама Аляксандр Грыцук.
Сяргей Волчык, урач агульнай практыкі паліклінікі, пасля заканчэння Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта працуе ў Івацэвічах трэці год. «Калектыў у нас зладжаны, а пандэмія яго яшчэ больш згуртавала. Было няпроста з першага дня пандэміі, – кажа ён. – Прымалі сваіх пацыентаў па ўчастку, а пасля даводзілася выязджаць у ахоўных касцюмах на агляды пацыентаў, якія праходзілі лячэнне на даму ў лёгкай ці бессімптомнай форме, іх кантактаў па спісах Івацэвіцкага РайЦГіЭ».
Напружаная праца ва ўмовах пандэміі маладому спецыялісту дала бясцэнны вопыт. Работы было шмат, і Сяргей Іванавіч падкрэсліў яшчэ раз, што людзі павінны разумець, што каранавірус – гэта няпростае захворванне, ім хварэюць і дзеці, і дарослыя, і старыя, таму трэба і далей быць асцярожнымі: у грамадскіх месцах захоўваць дыстанцыю і насіць маскі, апрацоўваць рукі антысептыкам. «З першай хваляй справіліся дастойна, але ніхто не ведае, ці будзе другая, таму берагчыся трэба і далей», – казаў ён.
Медсястра тэрапеўтычнага аддзялення райбальніцы Юлія Голубева з першага дня пандэміі працавала з ковіднымі хворымі. Родам яна з Кушняроў і землякі могуць ганарыцца яе працай. Юлія Міхайлаўна адзначыла, што ёй было няпроста перайсці ў поўнасцю іншы фармат работы. «Напачатку была паніка і сярод калег, але сабраліся, згуртаваліся і працавалі дружна і зладжана, – казала яна. – Кожны з работнікаў аддзялення дастойны такой узнагароды, бо цяжка было ўсім, выкладваліся, малайцы, усе, хто колькі мог. Страшна маральна і фізічна было і многім пацыентам, якія захварэлі на ковід. Іх трэба было лячыць па назначэннях урача, і суцяшаць, натхняць на выздараўленне. Дзякаваць, што ўсе, хто перахварэў з калег, цяпер з намі, бо мы хваляваліся за іх».
Вялікая фізічная нагрузка клалася падчас пандэміі на плечы санітарак. Многія з іх худзенькія, маленькія, але з вялікім сэр-
цам. У іх ліку і Галіна Мажэйка, якая працуе санітаркай траўматалагічнага аддзялення стацыянара. Так склалася, што ўжо пяць гадоў яна штодзень з Падстарыні ездзіць на работу на веласіпедзе. Галіна Васільеўна – шматдзетная мама. «Калектыў у нас вельмі харошы, – шчыра казала жанчына. – Мы стараемся даглядаць хворых, стараемся дапамагаць і медсёстрам. Працуем дружна і адказна. А як жа інакш?».
Валянціна БОБРЫК, фота аўтара.