Ураджэнец Вуглоў скраў у Быцені веласіпед, каб дабрацца на чыгуначную станцыю ў Даманава

Вельмі цынічна дзейнічаў жыхар Брэста Р., ураджэнец Вуглоў, які некалькі дзён назад прыехаў адведаць родных ў гэтай аддаленай вёсцы. Гэты мужчына сярэдніх гадоў, якому трэба было вярнуцца ў Брэст, дабраўся з Вуглоў да Быцені, але там якраз «мёртвы час» –  няма чым даехаць да Даманава, дзе можна сесці на электрапоезд і з’ехаць у абласны цэнтр.
Тут мужчына ўбачыў, як адзін з мясцовых жыхароў прыехаў у магазін «Лета» на веласіпедзе і накіраваўся рабіць пакупкі. План саспеў імгненна: Р. «асядлаў» веласіпед (ён быў не прышпілены) і паімчаў у Даманава. Можна сказаць, што многае з задуманага ў злодзея атрымалася, бо ён і на электрацягнік паспеў і нават веласіпед прадаў у Даманаве, каб былі грошы на кішэнныя расходы.
Але міліцыя даказала, што не дарэмна есць хлеб свой: злодзей устаноўлены і затрыманы, веласіпед вернуты гаспадару.
А вось устанавіць злодзеяў, якія ўкралі два дарагія горныя веласіпеды ад шматпавярховак па вул. Чарткова і вул. Леніна ў Івацэвічах, пакуль не ўдаецца. Адзін з веласіпедаў быў прышпілены – і гэта першы выпадак за многія гады, калі ў нашым раёне ўкралі менавіта прышпілены двухколавы транспартны сродак. Не выключана, што тут дзейнічалі так званыя «залётныя» злодзеі: хутка завалодаўшы дарагім веласіпедам, яны гэтак жа хутка з’язджаюць. Але мы працуем над раскрыццём дадзеных злачынстваў.
Яшчэ адзін павучальны выпадак. Немаладая жанчына, якая пражывае ў вёсцы, што месціцца ў двух кіламетрах ад Івацэвічаў, злегла ў бальніцу. За гаспадаркай папрасіла наглядаць сваю пляменніцу, якая з раней судзімым мужам і «ўпраўляліся па гаспадарцы». Але дома жанчына захоўвала аж 93 000 рублёў, гэтую «заначку» і знайшоў муж пляменніцы. Добра, што злодзей аказаўся «сціплым» і пацягнуў толькі 2 000 рублёў. Тым не меней, жанчына, якая вярнулася з бальніцы, выклікала міліцыю. Узбуджана крымінальная справа.
Аляксандр КІКУН, начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Івацэвіцкага РАУС.