Студатрады райкама ГА “БРСМ” дапамагаюць аграрыям у бітве за ўраджай

У аграрыяў раёна – гарачая пара, як кажуць, ідзе бітва за ўраджай, і актыўны ўдзел у ёй прымае моладзь. Так, сельскагаспадарчы студатрад у складзе 14 чалавек на працягу 10 дзён шчыраваў у ААТ “Агратэхсэрвіс”.

Рабяты задзейнічаны ў розных відах работ на зернятоку.Студатрадаўцам неабходна акрамя варушэння збожжа, прывезенага ад камбайнаў, яшчэ і сачыць за парадкам у памяшканнях зернесушыльнага комплексу, а таксама за тым, каб літаральна кожнае зярнятка новага ўраджаю не прапала. Мяркуючы па парадку і чысціні на зернятоку, студатрад спраўляецца на «выдатна». З дапамогай выдадзенага няхітрага інвентару – рыдлёвак і мёцел – яны сумленна выконваюць свае абавязкі. У складзе студатрада працуюць як хлопцы, так і дзяўчаты, і кожнаму знаходзіцца адпаведная праца.

Працуюць рабяты па сваіх узроставых нарматывах – колькасць працоўных гадзін пільна адсочваецца. Вялікая ўвага тут надаецца і захаванню пытанняў аховы працы і тэхнікі бяспекі, са студатрадаўцамі праводзяцца інструктажы на працоўным месцы.