Капітальны рамонт вуліцы 17 Верасня ў Целяханах

У гэтыя дні ў Целяханах праводзіцца капітальны рамонт вул. 17 Верасня з устройствам пешаходных сувязяў, ліўневай каналізацыі і будаўніцтвам удасканаленага пакрыцця (асфальту). Асноўныя будаўнічыя работы на дадзеным аб’екце праводзяць спецыялісты ДУ «Івацэвіцкая ПМК-18».

Неабходнасць поўнага капітальнага рамонту з будаўніцтвам ліўневай каналізацыі (комплексная абарона ад паверхневых вод) прадыктавана тым, што Целяханы знаходзяцца ў адносна нізкім месцы. Калі не пракласці ліўнёўку (яе, дарэчы, у пасёлку яшчэ няма), то асфальт будзе хутка разбурацца, што, канешне, недапушчальна. Увогуле, капітальны рамонт вул. 17 Верасня – гэта каля 450 метраў удасканаленага пакрыцця (асфальт) і добраўпарадкаваная тратуарная дарожка з дарожным борцікам (каля 1 300 кв. м).
Работы на дадзеным аб’екце пачаліся ў чэрвені і, як тлумачыць майстар Ганна Філашова, у сярэдзіне жніўня будуць завершаны. Целяханцы атрымаюць прыгожую, сучасную вуліцу. Кошт праекта, матэрыялаў і рамонта-будаўнічых работ – каля 400 000 рублёў.
Як паведамляе «ІВ» Андрэй Рэгес, намеснік старшыні Івацэвіцкага райвыканкама, у бліжэйшыя гады падобныя работы будуць праведзены ў Целяханах на вуліцах 1 Мая і Леніна.

Аляксандр ГОРБАЧ.
Фота Веранікі РАК.