На 174 вучэбным палігоне ВПС і войскаў СПА праходзіць падрыхтоўка беларускіх удзельнікаў «Армейскіх гульняў-2020»

На 174 вучэбным палігоне ВПС і войскаў СПА, які размяшчаецца ў Івацэвіцкім раёне, у гэтыя дні праходзіць падрыхтоўка беларускіх удзельнікаў «Армейскіх гульняў-2020», якія пройдуць з 23 жніўня па 5 верасня на тэрыторыі пяці краін – Беларусі, Расіі, Арменіі, Азербайджана, Узбекістана.

На палігоне праходзяць падрыхтоўку танкавыя экіпажы, якія будуць прымаць удзел у спаборніцтвах «Танкавы біятлон», экіпажы БМП – для спаборніцтваў «Сувораўскі націск» і разлікі ПЗРК «Ігла», якія будуць прадстаўляць краіну на спаборніцтвах «Чыстае неба». Падрыхтоўка экіпажаў танкаў і БМП кожны год праводзіцца менавіта на 174 вучэбным палігоне ВПС і войскаў СПА, бо тут ёсць спецыялізаваная траса для танкавага біятлона. Як адзначыў намеснік начальніка 1-га аддзела 2-га ўпраўлення галоўнага ўпраўлення баявой падрыхтоўкі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Сяргей Савіцкі, гэта ўнікальны выпадак, калі на палігоне войскаў супрацьпаветранай абароны займаюцца падрыхтоўкай падраздзяленні сухапутных войскаў. Траса на палігоне ідэнтычная трасе ў Алабіна, дзе традыцыйна праводзіцца «Танкавы біятлон», што дазваляе максімальна адтачыць свае навыкі.

– У адпаведнасці з палажэннем аб «Армейскіх гульняў», для кожнага конкурсу распрацавана палажэнне. Так, напрыклад, «Танкавы біятлон» – гэта прыкладныя спаборніцтвы паміж танкавымі экіпажамі ў мастацтве ва-
джэння танка і дакладнасці стральбы з усталяванага на танках асноўнага ўзбраення, – расказаў Сяргей Савіцкі. – Спаборніцтва «Танкавы біятлон», як і «Сувораўскі націск», складаецца з двух этапаў: першы – індывідуальная гонка, дзе ацэньваецца экіпаж, па яго выніках адбіраюцца ў фінал чатыры лепшыя каманды, дзе яны змагаюцца ў эстафеце. На даны момант тут адпрацоўваецца менавіта ўдзел у эстафеце, калі тры асноўныя экіпажы на адной машыне выконваюць практыкаванні.

Нам выпала нагода на ўласныя вочы ўбачыць момант трэніровак, і яны сапраўды ўражваюць. Экіпажам патрэбна прайсці ўсю трасу, працягласцю больш за чатыры кіламетры, дзе трэба пераадолець мноства перашкод, такіх як брод, курган, схіл, а таксама выконваць стральбу па мішэнях. Дарэчы, экіпаж БМП павінен патрапіць у мішэнь з адлегласці ў 1500 метраў, танкавы экіпаж – 1900 метраў. Але тым, хто цяпер трэніруецца на 174 вучэбным палігоне, усё гэта па плячы, бо адбор прайшлі лепшыя з лепшых.
– Спачатку ідзе адбор у злучэннях і воінскіх часцях, потым право-
дзяцца адборачныя змаганні ў рамках узброеных сіл на лепшы танкавы ўзвод-экіпаж, экіпаж БМП мотастралковы ўзвод. Так што сюды прыехалі сапраўдныя прафесіяналы, – адзначыў Сяргей Савіцкі. – Рэспубліка Беларусь штогод годна прадстаўляе сябе на спаборніцтвах. Так, у танкавым біятлоне мы заўсёды ў чацвёрцы лідараў нараўне з Расіяй, Казахстанам і Кітаем.

Ганна Ільяшэвіч, фота Валерыя Міскевіча.