Чарнічныя ўспаміны

Чарніцы – адны з тых ягад, якія «строить и жить помогают».
Не сакрэт, што ў сезон іх збору можна добра зарабіць, калі не ленавацца. Да гэтай пары многія людзі спецыяльна бяруць водпуск на ягадны сезон, каб пасля выплаціць крэдыт ці заплаціць за вучобу дзіцяці ва ўніверсітэце. Я і сама, калі была школьніцай, а потым студэнткай, ірвалася летам у лес – грошы ніколі не бываюць лішнімі. Самая буйная пакупка, на якую дзесьці пад Бабровічамі збірала ягады гадоў 15 таму, быў мой першы камп’ютар. Сяброўкі, з якімі разам жыла ў інтэрнаце і якія карысталіся маім «багаццем», так і называлі яго – чарнічны комп.

Пазней мне надта падабаўся фільм Вонга Кар-Вая «Мае чарнічныя ночы», і хоць чарніцы ў ім была толькі ў пірагу, які мільгаў у кадры, пры яго праглядзе мне заўжды ўспаміналіся мае чарнічныя дні.

У маім дзяцінстве было сорамна не хадзіць у ягады ўлетку, бо першае пытанне, якое задавалі людзі пры сустрэчы, было не як справы, а на колькі ты сёння ягад здаў. Каардынаты ягадных месцаў людзі трымалі ў сакрэце, і калі сусед пытаўся ў суседа, дзе той набраў столькі ягад, у лепшым выпадку адказвалі: «Там, за полем». Бо калі ў пачатку сезона патрапіць на месца, дзе яшчэ не ступала нага «бральшчыка», ягад там ва ўраджайны год было як насыпана. Толькі дабрацца да такога месца было няпроста – едзеш, чым прыйдзецца, потым ідзеш – кіламетраў сем ад хаты да паляны. Назад найхутчэй будзеш ехаць на матацыкле з бацькам ці з пляменнікам, трымацца трэба будзе толькі адной рукой, а то і толькі нагамі – рукі будуць занятыя поўнымі вёдрамі. Ездзілі і на машыне… «Ну што, паглядзіце, няма цягніка справа?» – гэта быў каронны жарт у нашай сям’і, і казалі яго, пераяз-
джаючы ў месцы, дзе была вузкакалейка, пабудаваная яшчэ немцамі ў бабровіцкіх лясах.

Зараз нарыхтоўшчыкі бяруць ягады з лісцем, ігліцай. Раней было па-іншаму. Прыехаў з лесу да абеду, паеў – і пачынаецца другая змена: чарніцы трэба перабраць. Дастаецца з кутка старэнькі пыласос, і з яго дапамогай часткова выдзімаецца лісце, калі ягада не мокрая, астатняе перабіраецца рукамі. Перабіраць мне было заўсёды цяжэй, чым збіраць – нудна, доўга, калі б не размова, якая лілася і лілася ў звычайна жаночай кампаніі, можна было заснуць над тымі ночвамі, поўнымі чорных ягад.
За дарогу ягада ўтрасаецца, здаецца, што яе становіцца менш, і шкада аднімаць які літр чысценькіх ягад – на варэнікі, хацелася здаць усё да апошняй ягадкі, каб хапіла да 10, 11, 12 кг. Адсыпаеш слоічак – нібы адрываеш ад сэрца.

Да таго моманту ўжо вядома, у якіх нарыхтоўшчыкаў найлепшая цана, але ўсё роўна вязеш да сваіх – да сваякоў, да сяброў. Кладуцца ў кашалёк купюры, што прыбліжаюць цябе да якой пакупкі, да мары – і з пачуццём поўнага задавальнення, адмыўшы чорныя рукі шчаўем ці лімонкай, можна было брацца за іншыя справы ці адпачываць. Толькі ў першыя дні ягады не будуць пакідаць цябе нават ноччу, бо заплюшчыш вочы – а перад табою паляна ў сініх пацерках круціцца па гадзіннікавай стрэлцы.
Асаблівы рытуал у нашай сям’і – прыгатаванне фірменных піражкоў з чарніцамі – па рэцэпце старэйшай сястры. Вось пішу і думаю, што ў гэтым сезоне я яшчэ іх не гатавала – упушчэнне. Трэба сказаць, што ў дзяцінстве чарніцы кармілі вялікія сем’і. Варэнікі з імі – блюда таннае, адно не лянуйся – ляпі. Помню, як часта вячэралі імі суседзі ў летнюю пару, калі да бабулі з дзядулем з’язджаліся ўсе дзеці і ўнукі. Сядалі яны за вялікі драўляны стол пад грушай, і з хаты адно падаваліся талеркі з гарачымі варэнікамі. І я, малая, гасцявала там часта, гойдалася на арэлях ля таго стала. Як хораша было, як цёпла…
Ягады… Колькі гісторый згадваецца мне цяпер з нашага вясковага жыцця, у якіх яны фігуруюць. Помню вішні ля бацькоўскай хаты – спелыя, сакавітыя ягады клаліся ў вядро, калі ў летні дзень у наш двор прынеслі навіну: памёр сусед. Толькі што смяяліся самі з сябе, з таго, як дрыжэлі ногі на высокай драбіне – і раптам усмешкі спаўзлі з твараў, і мне запомніўся той момант.
Momento morе. Жылі і квітнелі – і раптам загінулі і нашы вішні. Бацькоўскі двор затапіла вада і стаяла доўга. Счарнелі, агалілі свае раскідзістыя галіны ўсе дрэвы ў вялікімі садзе, пасаджаным татам і мамай. Доўга не рашаліся зайсці ў яго з пілой і тапаром, каб высекчы іх, але ж мусілі. Помню, як падчас той рубкі ў бацькі каціліся слёзы з вачэй – памерам з вішні, і сам за тапор ён так і не ўзяўся.

Але ж тут плачам, а тут скачам. Адна мая аднасяльчанка расказвала сітуацыю, сведкай якой была: у яе маладосці кампанія моладзі так прагла вішань, што ела іх прама з галіны – толькі галіну тую спілавалі і прынеслі да лаўкі, на якой сядзелі да ночы. І, здаецца, смешна, а з іншага боку… Ці вось яшчэ выпадак. Познім вечарам мая знаёмая прагульвалася ў кампаніі двух хлопцаў і захацелася ёй клубніц. А побач – агарод пад хатай адзінокай бабулі. Ну, хлопцы не доўга думаючы скокнулі праз плот, пакінуўшы сяброўцы пінжак. Клубніцы збіралі і клалі ў кішэні. Толькі сяброўка вырашыла пажартаваць: надзела пінжак, хусцінку, што была на шыі, павязала на галаву – пад падбародак, падышла да плоту і гучна так спытала: «А што гэта вы тут робіце?» Карацей, доўга хлопцам адмывалі штаны – ад раздаўленых у кішэнях ягад, а не ад таго, пра што вы падумалі.
Журавіны – гэта асобная гісторыя. Ёсць за Выганашчан-
скім возерам месца, якое клічуць Дарашанкай, дзе некалі было многа журавін. Расказвала мне маці пра свой першы паход за тымі ягадамі. Ішлі ад возера ўглыб лесу, па балоце, па кладках, дошках, што хаваліся пад вадой. Ішлі кіламетраў пяць. Нарэшце бачаць – журавіны на купінах, ды шмат! Ля адной з тых купін прыселі яны разам з сяброўкай – і не заўважылі, што астатнія людзі, у тым ліку і мой бацька, і дзядзька Міша, праваднік, пайшлі далей. Збіралі ягады, не паднімаючы вачэй, а як заўважылі, што вакол нікога няма, падумалі: так і трэба. «Так і трэба» – круцілася ў галаве, калі пачулі галасы недзе далёка-далёка. І яшчэ падумалася: «Ну што за ёлупні. Бегаюць па лесе, шукаюць лепшага, перагаворваюцца, а пад нагамі ягад, як гразі». Калі «ёлупні» выбеглі з лесу на тое месца, дзе развіталіся з дзвюма жанчынамі з пустымі мяшкамі, яны гатовы былі іх забіць. Некалькі гадзін шукалі яны маці па лесе, гукалі. «Вы разумееце, куды вы трапілі? Калі згубіцеся – гэта пагібель, і вашых касцей ніхто не збярэ», – так сказаў дзядзька Міша. Журавіны бяруцца лёгка, але выносіць іх з лесу цяжка. Па вузенькіх кладках бацька валок два мяшкі ягад – і свае, і маміны.

Гэта ўжо з гадамі журавіны «перабраліся» за азёры, а пасля вайны раслі побач з вёскай. Таму жанчыны бегалі за імі ў «бярэзіну» па некалькі разоў за дзень. І сыпалі ягады прама ў засекі, а потым прадавалі. Толькі цана была смешная. Адна бабуля расказвала мне, як пайшла ў журавіны цяжарная, заўважыла – хутка роды. Дабралася да хаты, нарадзіла, закруціла дзіця ў прасцінку, суцішыла і пакінула дома, а сама зноў у лес пайшла. Во было здароўе! І загартавала выганашчанскіх жанчын нястомная праца – ці то ў лесе, ці то ў полі.
Сёння я рэдка бываю ў вёсцы, і па ягады хаджу ці не раз у год. Апошні «раз у год» здарыўся са мной на мінулых выхадных, калі я падалася ў чарніцы, як у старыя-добрыя, узяўшы з сабой вядро і два «набірачы» – на ўсякі выпадак, няхай будзе лішняя тара. І гэта быў асаблівы для мяне дзень – упершыню ў жыцці амаль усю тару я прынесла ў машыну назад – пустую. Назбірала толькі адзін трохлітровы бітон – і нават не засмуцілася. Радавала мяне тое, што больш няма вострай патрэбы ў грошах і па лесе можна прай-
сціся дзеля асалоды, адарваўшы вочы ад «ягедніка». Гэта некалі мая старэйшая сястра ў галодныя дзевяностыя, калі была студэнткай, імкнулася ў лес ці не штодня – і мяне, малую яшчэ, брала з сабой за кампанію. А потым за заробленыя ў лесе грошы купляла сабе адзенне. Цяпер і яна ў ягадах бывае рэдка.
І хоць у гэты свой прыезд не было ў мяне патрэбы здаваць ягады, да адной нарыхтоўшчыцы я ўсё роўна заехала – да траюраднай сястры Тамары Сідарчук. Прымае чарніцы яна ўжо восьмы год запар, яшчэ разам з мужам яны трымаюць каровак, займаюцца фермерствам. Заехалі да яе перад абедам, таму скрыні для чарніц яшчэ былі пустыя, ягады былі толькі ў адной. Вечарам іх забярэ гаспадар, прыватнік. За дзень да візіту Тамара здала яму не многа ягад – 100 кг. Але трэба ўлічыць, што гэта амаль што канец сезона, а ў Выганашчах – восем нарыхтоўшчыкаў. Бывалі гады, калі за дзень здавалася і па 500, і нават па 800 кг. Цана на ягады была 4,5 руб за кг, за гэты сезон даходзіла да 5 руб, праўда, толькі на адзін вечар. «Займацца нарыхтоўкай цікава. Зімой у вёсцы на вуліцы нікога няма, усе сядзяць дома. Летам – справа іншая. Розныя людзі заходзяць у двор, знаёмыя, аднакласнікі, сваякі – з навінамі, з расказамі. Пабачыш і таго, каго даўно не бачыў», – кажа Тамара.

Халодным парэчкавым кампотам з пограба ў спякотны дзень частавала яна нашу кампанію (і тут ягады!). А слоік абрыкосавага кампоту несла я з сабой у машыну, нагаварыўшыся, насмяяўшыся. А калі б не чарніцы, ці сустрэліся б мы?
Ягады – гэта выганашчанскае рознакаляровае золата, без якога цяжка мне ўявіць сваю вёску. І ў дзяцінства майго – ягадны смак. Калі салодкі, а калі і не надта.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ, фота аўтара.