Даманаўскія «тысячнікі»

31 ліпеня на полі СВУ «Даманава» РВУП «Брэстаблгаз» ушаноўваліся першыя ў раёне «тысячнікі» на жніве

Экіпаж камбайна ў складзе Мікалая Грышчэні і Віктара Шкваркова віншаваў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Раман Жук. на 31 ліпеня гэты экіпаж – адзін з лепшых у раёне. На яго рахунку 255 убраных гектараў і 1063 тоны намалочанага зерня.

Мікалай Грышчэня – знатны камбайнер у гаспадарцы, калі яго напярэдадні ў калектыве віншавалі як першага «тысячніка» ў раёне, ён расчуліўся да слёз. І не дзіўна. Гэта яго 51 жніўны сезон. І памочнік Віктар Шкваркоў у яго пад стаць – шматдзетны бацька семярых дзяцей, якія гонар не толькі для сям’і па вучобе, а і для школы.

Раздзяліць радасць пераможцаў жніва і павіншаваць, уручыць кветкі, падарункі і грашовыя сертыфікаты, а таксама грамату ўпраўлення райсельгасхарчу на поле прыехалі разам з першым намеснікам старшыні райвыканкама Раманам Жуком старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Паўшко, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Палто, кіраўніцтва гаспадаркі на чале з дырэктарам Грыгорыем Касцюком, старшыня прафкама Валянціна Горбач, якая з любоўю і падзякай казала пра камбайнераў «мае хлопчыкі».

Таксама ўшанавалі вадзіцеля-«тысячніка» гаспадаркі Віктара Шульца.

Віталі песнямі герояў жніва самадзейныя артысты Даманаўскага СДК і Майскага СК і Алена Цыбульская, загадчыца аўтаклуба ДУК «Івацэвіцкая раённая клубная сетка».

У другой палове дня віншаванні прымалі яшчэ тры экіпажы-«тысячнікі» ў ААТ «Косава» і «Квасевічы».

Валянціна Бобрык. Фота Валерыя Міскевіча.