Першыя два шматкватэрныя дамы новага мікрараёна «Кляноўка» ў Івацэвічах будуць здадзеныя ў гэтым годзе

Яшчэ напрыканцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя нашы Івацэвічы апынуліся заціснутымі ў межы, якія, здавалася, не перайсці. З аднаго боку – прамысловая зона, з другога – алімпійка і рака Грыўда, з трэцяга – газаправод і з чацвёртага – Шыбельная гара. Але была перанесеная нітка газаправода. І было прынята рашэнне крочыць у бок Шыбельнай гары. За 20 з нечым гадоў наш райцэнтр павялічыў сваю плошчу на трэць. З’явілася некалькі кварталаў прыватнай забудовы. Узніклі мікрараёны шматкватэрнай забудовы: у раёне вуліц Механізатараў і 70 год Кастрычніка і прасторны, прыгожы мікрараён, а з ім – новая вуліца Максіма Танка.
І вось мы пачынаем будаваць новы мікрараён – «Кляноўка». Ён размесціцца на паўночнай частцы горада, з правага боку на выездзе ў Косава. На тым самым полі, якое зараз між ускраінай горада і Лядовай арэнай.

Вось такі ён будзе – новы мікрараён. Два першыя дамы, якія цяпер будуюцца, акрэсляць новую вуліцу Кляноўку, якая выйдзе ад вуліцы 60 год Кастрычніка да вул. Чарткова. Да гэтай вуліцы «праб’ецца» і вуліца Шаўчэнкі.
Амаль 800 кватэр,
8- і 10-павярховыя дамы
Новы мікрараён традыцыйны для нашага горада – амаль усе дамы, за выключэннем двух у 8 і 10 паверхаў, пяціпавярховыя. Усяго 15 дамоў, амаль 800 кватэр.
Два дамы, якія будуюцца, па 38 кватэр кожны. З іх 29 кватэр – для шматдзетных сямей, чатыры кватэры – сацыяльныя, пяць кватэр будуецца долевым будаўніцтвам.
Усе новыя дамы будуюцца з сённяшнімі патрабаваннямі цеплазберажэння: дадаткова ўцяпляюцца сцены пад’ездаў і іншыя «вузкія месцы». Ацяпленне кватэр – ад індывідуальных катлоў.
На электрычнасць!
«Кляноўка» – цалкам «электрыфікаваны» мікрараён. Так, і ацяпленне ў ім, гарачае водазабеспячэнне – на электрычнасці, акрамя двух першых дамоў. І канешне, усё індывідуальна для кожнай кватэры.
Яшчэ адна выгода для жыльцоў: ва ўсіх дамах, у тым ліку і пяціпавярховых, будуць ліфты.
І велапаркоўкі!
«Кляноўка» будзе нашым самым экалагічным мікрараёнам. Тут прадугледжана некалькі аспектаў. Аўтапаркоўкі вынесены за тэрыторыю двароў, знахо-
дзяцца ў непасрэднай блізкасці. Будуць велапаркоўкі, каб не загрувашчваць пад’езды. Будзе асобная агароджаная тэрыторыя для выгулу сабак. І, канешне, запланавана шмат зялёных насаджэнняў.
Месца пад гандлёва-забаўляльны комплекс ужо выкуплена
На аўкцыёне было выстаўлена месца пад гандлёвы цэнтр, але з умовамі: тут павінна быць кафэ, пакоі для дзіцячых забаў і адпачынку з дзецьмі, гандлёвыя залы. Такім чынам, хутка наш горад атрымае тое месца, якога ўсе чакаюць.
Аптэкі, гандлёвыя кропкі, дзіцячы садок у перспектыве
таксама запланаваныя ў новым мікрараёне. Пад садок, калі ён будзе запатрабаваны, адведзена месца асобна ад двароў. Некалькі дамоў будуць мець кшталту прыбудоў, дзе могуць размяшчацца невялікія гандлёвыя кропкі, аптэка, разліковы касавы цэнтр і гэтак далей.
Карацей, новы мікрараён павінен стаць цалкам самадастатковым кутком горада з усімі выгодамі для яго жыхароў.
Пройдзе менш за дзясятак гадоў…
У наступным, 2021 годзе, плануецца ўзвядзенне яшчэ двух дамоў «Кляноўкі». І далей, мяркуецца, будаўніцтва будзе ісці такімі тэмпамі. Менш чым праз 10 гадоў у нас будзе новы мікрараён. Будаўніцтва яго – гэта, да ўсяго іншага, гарантаваныя аб’ёмы работ для нашых будаўнікоў, што на сённяшні дзень вельмі важна.
А што далей?
І далей не будзем стаяць на месцы. Ёсць у нас перспектыўны план развіцця горада і ёсць месцы, куды гораду расці. Не будзем пакуль раскрываць усіх сакрэтаў, скажам так: «Кляноўка» – не апошні шматпавярховы мікрараён.
…«Дарогу пройдзе той, хто ідзе» – вядомая ісціна. А горад пабудуе той, хто будуе. Няхай не вельмі хутка, няхай пакрысе, але мы – расцём. І пакуль не спыніцца наша жаданне расці, пакуль мы будзем будаваць для будучых пакаленняў, – мы будзем ісці дарогай да лепшага.
Валерый ГАПЕЕЎ.