Забыты заправачны пісталет у гарлавіне бензабака можа прывесці да бяды

Гучнае здарэнне ў Расіі прымушае задумацца: вадзіцель ГАЗелі, які праводзіў запраўку аўтамабіля ў Краснадарскім краі, забыў дастаць заправачны пісталет з гарлавіны бензабака аўтамабіля і паехаў. Гэта прывяло да выбуху, наступствы – жудасныя: паранены шэсць чалавек, ад аўтазапраўкі амаль нічога не засталося.
Між тым, падобныя факты, калі вадзіцель забывае заправачны пісталет у гарлавіне бензабака аўтамабіля, не такая вялікая рэдкасць для аўтазаправачных станцый. На АЗС Івацэвічаў, да прыкладу, падобнае здараецца рэгулярна. Дык няўжо выбух, як у Краснадарскім краі, можа адбыцца і ў нас? З гэтым пытаннем супрацоўнік «ІВ» звярнуўся да Ігара Мяліка, майстра АЗС РУП «Беларуснафта-Брэстаблнафтапрадукт» (прадпрыемства абслугоўвае вадзіцеляў на «міхнавіцкай» аўтазапраўцы і на дзвюх АЗС на алімпійцы каля Івацэвічаў):
– За год прыкладна 10-12 падобных фактаў фіксуецца на нашых трох аўтазапраўках: вадзіцель устаўляе заправачны пісталет, пераводзіць яго на аўтаномны рэжым падачы паліва, сам можа згубіць увагу, сканцэнтравацца на чымсьці іншым. А пасля сядае за руль… Быў сведкам: праводзіцца запраўка аўтамабіля – і тут у вадзіцеля зазвінеў тэлефон. Штосьці важнае, сур’ёзнае, ён хуценька кідаецца за руль, па газах і… паімчаў з пісталетам у бензабаку.
Але вытворца калонак для аўтазаправачных станцый ужо зрабіў папраўку на «забыўчывасць» аўтамабілістаў: паміж пісталетам і калонкай устаноўлена разрыўная муфта. І калі такі гора-вадзіцель кранаецца ў шлях, то ён толькі адарве заправачны пісталет, а не пацягне за сабой усю калонку, як гэта адбылося ў Расіі, што і прывяло да выбуху… Здараецца, што такія вадзіцелі пакідаюць аўтазапраўку, думаюць, што іх ніхто не знойдзе, але ж у нас паўсюдна ўстаноўлены сістэмы відэаназірання, праз самы кароткі тэрмін мы з дапамогай ДАІ ўстанаўліваем вінаватага, які павінен заплаціць штраф у ДАІ, бо такое здарэнне ацэньваецца як ДТЗ.
– Ігар Васільевіч, а як павінен сябе паводзіць аўталюбіцель, каб не трапіць у падобную сітуацыю. Чалавек жа не спецыяльна гэта робіць, ён можа рэальна забыць…
– Мая парада: не пераводзьце заправачны пісталет на аўтаномны рэжым падачы паліва. Карацей, не выпускайце яго з рук – у такім выпадку вы дакладна не забудзеце правесці патрэбныя дзеянні пасля таго, як заправілі аўто. А ў нас нярэдка вадзіцелі, уставіўшы пісталет, ходзяць з кубачкам кавы па тэрыторыі АЗС, вядуць гутаркі па мабільным тэлефоне… Ім робяць заўвагу, што, маўляў, вы заправіліся, не затрымлівайце чаргу – і вадзіцель хуценька сядае за руль… Запраўка 20-30 літраў бензіну ці дызпаліва – гэта толькі мінута-дзве вашага часу, няцяжка ўвесь гэты час трымаць пісталет у руцэ. Затое вы будзеце ўпэўнены, што ўсё зрабілі правільна, бяды не нарабілі.
Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ.