Акцыя «Увага – дзеці!» пройдзе ў Беларусі з 25 жніўня па 5 верасня

Перад пачаткам новага навучальнага года ў Беларусі з 25 жніўня па 5 верасня праводзіцца акцыя «Увага – дзеці!». Мэта – пазбегнуць выпадкаў траўматызму з удзелам дзяцей на дарогах рэспублікі.

Вадзіцелі павінны памятаць, што ў гэты перыяд ім неабходна:

  1. рухацца ў светлы час сутак з уключаным святлом фар або дзённымі хадавымі агнямі;
  2. строга захоўваць хуткасны рэжым;
  3. быць максімальна асцярожнымі пры праездзе пешаходных пераходаў, паблізу дзіцячых садкоў і ўстаноў адукацыі, у дварах;
  4. забяспечваць бяспечную перавозку дзяцей.

За невыкананне дадзенага патрабавання прадугледжаны папярэджанне або штраф да 0,5 б. в.

У сваю чаргу бацькі павінны паказаць дзецям самы бяспечны шлях да школы, патлумачыць, як паводзіць сябе ў дварах (дзе бяспечна гуляць у мяч, катацца на веласіпедзе, роліках, самакаце і г. д.).

***

На працягу бягучага года зафіксаваны тры факты ДТЗ, у якіх пацярпелі непаўналетнія. Пацярпеў пешаход, матацыкліст з пасажырам… Пра гэта мы паведамлялі на старонках «ІВ». Вось апошні выпадак, пра які не расказвалі: 17-гадовы юнак рухаўся на веласіпедзе па вул. Фрунзе ў Івацэвічах (каля царквы),  выязджаў на вул. Дэпутацкую. Ён павінен быў саступіць тым, хто рухаецца па галоўнай дарозе, але не зрабіў так. У выніку трапіў пад колы аўто, атрымаў цялесныя пашкоджанні. Просім бацькоў не забываць тлумачыць дзецям нормы Правілаў дарожнага руху, каб яны не трапілі ў ДТЗ.

Васіль ЖУР, начальнік АДАІ Івацэвіцкага РАУС.