Апошнія крымінальныя здарэнні Івацэвіцкага раёна

У Івацэвіцкі райаддзел міліцыі  звярнулася К., жыхарка Целяхан,
якая сцвярджала, што з яе кватэры прапалі 125 рублёў.
Вось што стала вядома: К. напярэдадні распівала спіртныя напоі са сваёй раней судзімай сяброўкай С., якая скарысталася тым, што К. заснула і выцягнула з-пад падушкі гэтыя грошы.
Узбуджана крымінальная справа.
Аналагічны выпадак адбыўся, дарэчы, у Стайках. Там жанчына абчысціла сваю сваячку, маці сужыцеля, украла 200 рублёў.
У Быцені паміж Р., маладым мужчынам з Івацэвічаў, і мясцовымі хлопцамі ўзнікла канфліктная сітуацыя. На падмогу Р. прымчаліся сябры з Івацэвічаў. Адзін з іх на пляцоўцы каля сельвыканкама ўдарыў праціўніка, другі ўдарыў… дзяўчыну (пасля сцвярджаў, што пераблытаў яе з хлопцам). Дарэчы, дзяўчына аказалася не такая і баязлівая, нападаючаму яшчэ прыйшлося і адбівацца.
Праводзіцца праверка па дадзеным факце.
Ад «Еўраопта» ўкралі непрышпілены веласіпед. Яго, як сведчыць відэазапіс, «падабраў» ужо даволі немалады мужчына, прыкладна 60-70 гадоў. Як стала вядома, крадзеж на сумленні 72-гадовага жыхара Івацэвічаў. Узбуджана крымінальная справа.
Аляксандр КІКУН, начальнік аддзялення
крымінальнага вышуку Івацэвіцкага РАУС.