Жыхар в. Гошчава атрымаў нажавыя раненні ад… жонкі

У Івацэвіцкую ЦРБ звярнуўся 39-гадовы жыхар вёскі Гошчава, які прадэманстраваў медыкам… нажавыя раненні спіны і грудзей. Дапамога была аказана неадкладна, яго тэрмінова шпіталізавалі, але пры гэтым медработнікі выклікалі ў ЦРБ і супрацоўнікаў Івацэвіцкага РАУС.
Высветлілася наступнае: гэтаму мужчыне два нажавыя раненні нанесла яго жонка, прычым яна параніла яго яшчэ… 13 дзён таму. Усе гэтыя дні мужчына трываў, думаў, што «пройдзе», але яму станавілася толькі горш з кожным днём, бо раны былі пранікаючыя.
Як вынік, у адносінах да 36-гадовай жонкі ўзбуджана крымінальная справа па ч. 1 арт. 147 «Нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў». Варта адзначыць, што сям’я стаяла на ўліку ў міліцыі як нядобранадзейная, сваркі і скандалы там адбываліся рэгулярна, пакуль у аднаго з членаў сям’і не «лопнула» цярпенне. І яна схапілася за нож.
ХХХ
…Узбуджана крымінальная справа і ў адносінах да Н., жыхаркі з Яглевічаў, якая вядзе асацыяльны лад жыцця. У адзін з дзён яна таксама схапілася за нож і пагражала ім сваёй 81-гадовай маці. Спужаная жанчына выклікала на дачку міліцыю.
Яўген МІХНЮК, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Івацэвіцкага РАУС.