На «панкоўскім» мосце з’явіліся парэнчы

Працягваюцца будаўніча-мантажныя работы на амаль што 70-гадовым мосце на вёску Панкі праз раку Грыўда. Будаўнікі шчыруюць на аб’екце ўжо восьмы месяц запар. Каб пешаходам, веласіпедыстам, аўтамабілістам было бяспечна рухацца па ім, праектам прадугледжана ўстаноўка надзейных парэнчаў і транспартнай бар’ернай агароджы.

Устройствам абедзвюх агароджаў (і для машын, і для людзей), а таксама ўстаноўкай дэфармацыйных швоў займаюцца спецыялісты філіяла «Рамонтна-маставое ўпраўленне» РУП «Брэстаўтадар», якое знаходзіцца ў Яглевічах. Пагутарылі з начальнікам філіяла Аляксандрам МАЦВЕЕНЯЙ пра фронт работ на важным аб’екце, даручаных яго ўпраўленню, а таксама пра само прадпрыемства, якім ён кіруе, – унікальнае ў сваім родзе, адзінае ў рэспубліцы.
Як было сказана вышэй, у РМУ на мосце тры задачы, дзве з якіх амаль выкананыя. Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, спецыялісты прадпрыемства практычна ўстанавілі парэнчы – яны ўласнай вытворчасці і выраблены загадзя – чакалі свайго «зорнага» часу на складзе. Рамонтна-маставое ўпраўленне набывае тыповыя стандартныя металічныя вырабы, накшталт труб ці палос, і на базе прадпрыемства вырабляе з іх металаканструкцыі, парэнчы. Найчасцей яны выкарыстоўваюцца пры рамонце мастоў у Брэсцкай вобласці, але РМУ прымае заказы на вытворчасць металаканструкцый для любых арганізацый, у тым ліку па эскізах пакупніка.
Устаноўка транспартнай бар’ернай агароджы, закупленай у Фаніпалі, у філіяла яшчэ наперадзе. Трэба сказаць, што паралельна з РМУ шэраг работ на аб’екце, а іменна ўстройства гідраізаляцыі і рамонт падыходаў да моста, праводзіць і генпадрадчык – філіял МСУ №3 ААТ «Мостабуд» (г. Баранавічы). Работнікі абодвух прадпрыемстваў працуюць зараз у адной звязцы і залежаць адзін ад аднаго: пакуль не выканае пэўныя работы РМУ, генпадрадчык не пакладзе асфальт, без якога ў сваю чаргу РМУ не паставіць бар’ерную агароджу. Плячо да пляча гэтыя арганізацыі будуць працаваць амаль што да канца капрамонту.

Канструкцыі моста пад дзеяннем тэмпературы і іншых фактараў зрушваюцца, перамяшчаюцца ў прасторы, расшыраюцца і звужаюцца, а асобныя элементы дэфармуюцца, дык вось «гасіць» гэтыя ваганні дапамагаюць дэфармацыйныя швы. Па словах Аляксандра Мацвеені, на «панкоўскім» мосце выкарыстоўваюцца дэфармацыйныя швы з металічным абрамленнем – гэта вырабы апошняга пакалення. РУП «Брэстаўтадар» для патрэб свайго філіяла набыло іх у Санкт-Пецярбургу. Устаноўкай іх займалася баранавіцкая брыгада РМУ, якая спецыялізуецца на падобных відах работ, – гэтыя спецыялісты ведаюць сваю справу. Як і парэнчы, швы ўжо ўстаноўленыя. Была задзейнічана асабістая тэхніка філіяла – у тым ліку МАЗ з маніпулятарам, які можа і грузіць, і перавозіць грузы на сабе і які, дарэчы, можна ўзяць у арэнду.

– Мост праз Грыўду – гэта той аб’ект, які падабаецца з-за таго, што ён побач – у пяці кіламетрах ад нашай базы, таму было лёгка наладзіць лагістыку. Матэрыялы не трэба везці за 100-200 км, прасцей кантраляваць работу, – разважае начальнік філіяла «РМУ» РУП «Брэстаўтадар» Аляксандр Мацвееня. – Акрамя таго, аб’ект паказальны, тут прымяняюцца навейшыя будаўнічыя тэхналогіі, матэрыялы. Сумняваліся, ці хопіць у нас вопыту, навыкаў і магутнасці, каб удзельнічаць у капрамонце такога маштабу – усё ж такі філіял створаны шэсць гадоў таму, і мы толькі вучымся асобным відам работ. Але, як кажуць, вочы баяцца, а рукі робяць, прычым, робяць і па выхадных. Калі цікава, то кошт усіх работ, якія ўжо выкананыя і яшчэ будуць выкананы нашым філіялам, – 130 тыс. бел. руб.

– Рамонтна-маставое ўпраўленне створана нядаўна і не мае аналагаў у краіне. У нейкім сэнсе гэта эксперыментальнае прадпрыемства. А чым яно займаецца? – спыталі ў начальніка.
– Філіял «РМУ», які месціцца ў Яглевічах, на базе былога ДЭУ-2, а затым участка ДЭУ-23, створаны для таго, каб падтрымліваць у рабочым стане масты і пуцеправоды Брэсцкай вобласці, каб не даць ім упасці, калі казаць проста. Найперш мы займаемся іх абслугоўваннем, бягучым рамонтам, а ў межах капрамонтаў выконваем тыя работы, якія на сёння нам па сілах. Вядома, вучымся і новаму, каб павялічыць спектр сваіх магчымасцей. Займаемся вырабам металаканструкцый. Абслугоўванне мастоў мае на ўвазе найперш абследаванне мосту, выяўленне дэфектаў і ліквідацыю і іх, і прычын іх узнікнення. Самае балючае для мастоў – няправільны водаадвод, рэзультатам якога можа стаць разбурэнне жалезабетонных канструкцый мосту, агаленне арматуры. Зімой мы чысцім масты ад снегу і лёду. А вось дарожнае пакрыццё на мастах і пуцеправодах – гэта ўжо вотчына дарожна-эксплуатацыйных упраўленняў.
У рамонтна-маставым упраўленні працуе 60 чалавек – у канторы і на дзевяці ўчастках. З іх тры – івацэвіцкія (два маставыя і адзін падсобны). Астатнія ўчасткі знаходзяцца ў Брэсце, Кобрыне, Пінску, Пружанах і Баранавічах.

– Шэсць гадоў – гэта таксама тэрмін. Існаванне філіяла апраўданае, як вам здаецца?

– Урачы любяць казаць, што хваробу прасцей папярэдзіць, чым лячыць. Так і з мастамі – прасцей наведвацца на іх хоць бы раз у месяц і ліквідаваць дэфекты па меры іх узнікнення – і масты будуць служыць доўга, чым рамантаваць іх капітальна за вялікія грошы, дачакаўшыся аварыйнага стану. Раней функцыі па абслугоўванні мастоў ускладаліся на маставыя брыгады, што існавалі пры ДЭУ, але яно было дастаткова павярхоўным – брыгады не мелі ні навыкаў, ні абсталявання для ліквідацыі больш-менш сур’ёзных дэфектаў. У Брэсцкай вобласці было вырашана стварыць РМУ, каб даручыць яму функцыі маставых брыгад і значна пашырыць іх. Я лічу існаванне такой арганізацыі цалкам апраўданым. Даволі працяглы час стану мастоў не надавалі належнай увагі, і цяпер, пасля абследавання аб’ектаў, зафіксавана больш за сотню крытычных дэфектаў на мастах вобласці, і гэтую праблему патрэбна вырашаць. Што тычыцца дарог, то такіх дэфектаў будзе з дзясятак. Якімі б ні былі дарогі, іх стан у межах дапушчальнага. Чаго не скажаш пра многія масты.

– У нашым раёне ёсць мост, пра рамонт якога пыталіся і нашы чытачы – ён знаходзіцца ў Няхачаве. Ён у крытычным стане? І якія аб’екты былі адрамантаваны вашай арганізацый сёлета, калі ёсць такія?

– На ўтрыманні нашага філіяла – 67 мастоў ДЭУ-23, а таксама РМУ займаецца бягучым рамонтам мастоў ва ўсёй Брэсц-
кай вобласці. Калі казаць пра невялікія масты ДЭУ-23, то на сёння няма ніводнага такога аб’екта, дзе неабходны бягучы рамонт – усюды, дзе той патрабаваўся, яго выканалі. Сёлета ў Івацэвіцкім раёне РМУ завяршыла бягучы рамонт моста праз канал на дарозе Р6 ля Краглевічаў. Зрабілі яшчэ адзін мост у Бярозаўскім раёне, на двух аб’ектах рамантавалі дэфармацыйныя швы. Яшчэ на чатырох вядуцца работы па бягучым рамонце – каля Пружан, у Мікашэвічах, Ганцавічах і Маларыце. Што тычыцца няхачаўскага мосту, то, лічу, ён стане наступным пасля «панкоўскага», дзе зробяць капрамонт. Аб’ект складаны, вельмі дарагі, цяпер вядзецца распрацоўка абгрунтавання інвестыцый на дадзеным пуцеправодзе. У раёне ёсць яшчэ адзін аб’ект, які знаходзіцца ў крытычным стане, – гэта мост праз Шчару каля Сасновага Бору. Вы пыталіся, ці апраўдана існаванне філіяла. Калі б такія арганізацыі з’явіліся ў краіне гадоў 10 таму, многія масты цяпер не давялося б рамантаваць капітальна, у тым ліку і гэтыя.

– Выраб металаканструкцый па заказе, арэнда МАЗа з маніпулятарам – тыя паслугі, якія ваша прадпрыемства можа прапанаваць іншым арганізацыям-заказчыкам, прыватным асобам. А што яшчэ?

– Мы будзем рады супрацоўніцтву і заказам. І, акрамя вышэйназванага, мы таксама прапануем у арэнду пагрузчык з бакавым паваротам «Амкадор-211» са зменным навясным абсталяваннем. З цікавага, таго, чаго амаль няма ў нашым раёне,

– гідрамолат для разборкі бетонных, асфальтабетонных і іншых пакрыццяў, збудаванняў. Усе, хто разбірае нешта старое, могуць звярнуцца да нас і арандаваць гэтую тэхніку.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ,
Валерый МІСКЕВІЧ (фота).