Злачынцы карыстаюцца даверлівасцю грамадзян … і іх банкаўскімі карткамі

Не паверыце, але лепшым памочнікам злачынцы, часцей за ўсё, з’яўляецца… ахвяра злачынства. Так, падчас разгляду шэрагу крымінальных спраў, якія звязаны з крадзяжом грашовых сродках з банкаўскіх плацежных картак, абавязкова сутыкаешся з наступным: пацярпелы сам пастараўся «дапамагчы» зламысніку, каб той абчысціў картку.
А пасля гэтыя пацярпелыя бягуць у міліцыю.
Але аб усім па парадку.
59-гадовая С., жыхарка з Івацэвічаў, прыйшла да інфакіёска па вул. Дэпутацкай каля Дома быту ў Івацэвічах, каб правесці аплату за камунальныя паслугі. Але інфакіёск стаў «упарціцца», не прымаў адзін з плацяжоў – 23 рублёў 10 капеек за паслугі газазабеспячэння. Разгубілася жанчына: што рабіць? Вопыту і ведаў не хапае! У гэты час міма праходзіла 21-гадовая Т., раней не судзімая жыхарка Івацэвічаў, – яна гуляла з дзіцём тут, на Дэпутацкай.
С. папрасіла гэтую маладую маці дапамагчы, бо ніяк не атрымлівалася справіцца з капрызным інфакіёскам.
Т. стала за клавіятуру апарата.
С. толкам не бачыла і не разумела сэнс дзеянняў Т. каля клавіятуры, але, у рэшце рэшт, гэтая сума – 23 рублёў 10 капеек – перакачавала… на рахунак банкаўскай карткі маладой «памочніцы». С. падзякавала Т. за дапамогу, парадаваўшыся, што ў нас такая чулая і сардэчная моладзь, але ў хуткім часе яе чакала моцнае расчараванне: аплата не праведзена, грошы кудысьці зніклі… Яна звярнулася ў міліцыю. Т. прызналася, што скарысталася недасведчанасцю С. і перавяла грошы на свой карт-рахунак.
Справа трапіла ў суд.
Яшчэ выпадак. 42-гадоваму М., раней неаднаразова судзімаму жыхару Івацэвічаў, які пражывае з сужыцелькай і яе маці ў шматпавярхоўцы ў Івацэвічах, у адзін з летніх днёў бягучага года ў рукі трапіла банкаўская картка К., яшчэ аднаго жыхара Івацэвічаў, які завітаў вечарам да іх у госці. Ніякіх злачынных намераў у М. не было, хаця б таму, што К. некантактную картку «Белаграпрамбанка» яму… сам і перадаў. Маўляў, купі гарэлкі і да гарэлкі. М. выканаў просьбу, купіў. Але спіртны напой змарыў і К., і іншых членаў сям’і. Толькі М. не давала спакою наяўнасць чужой карткі ва ўласнай кішэні, якую ён так і не вярнуў К. М. накіраваўся шыкаваць у гандлёвыя прадпрыемствы Івацэвічаў, дзе шляхам правядзення транзакцый здзейсніў 24 аперацыі па аплаце пакупак, набываючы спіртное, піва, цыгарэты і многа самай рознай дробязі – на 232 рублі 66 капеек.
Нават упакоўку падгузнікаў купіў у падарунак незнаёмай яму маладой жанчыне з Івацэвічаў!
На картцы не засталося грошай, яе карыстальнік звярнуўся ў міліцыю, як вынік – суд.
Штосьці падобнае адбылося ў Целяханах, дзе 52-гадовая мясцовая жыхарка К. бавіла час са сваёй 64-гадовай Ж., сваёй сяброўкай. Распівалі спіртныя напоі ў доме Ж. па вул. Ракасоў-
скага пасёлка. К. пасля пакінула дом з банкаў-
скай карткай гаспадыні і амаль два дні адносна ашчадна, але ўсё ж такі траціла грошы сяброўкі на свае патрэбы. У рэшце рэшт, Ж. звярнулася ў міліцыю…
Усе вышэйзгаданыя грамадзяне, хто скарыстаўся чужым плацежнай банкаўскай карткай, трапілі на лаву падсудных, былі прызнаны вінаватымі і асуджаны. Але я сёння хачу звярнуць увагу на іншае: ім, абвінавачаным, не прыйшлося гэтую картку вымагаць, «выбіваць» ці красці. Не, карыстальнікі карткі самі спрыялі таму, каб яна патрапіла ў чужыя рукі, не да канца ўсведамляючы, што яны могуць імгненна стаць ахвярай злачынства, а іх новы ці стары знаёмы – судзімым.
Ваша банкаўская картка павінна ведаць толькі вашы рукі. І толькі вашы рукі! Калі гэта не так, то рыхтуйцеся стаць фігурантам крымінальнай справы.
Аляксандр КІРЫЛОВІЧ, старшыня суда Івацэвіцкага раёна.