У ДУК “Івацэвіцкі гісторыка-краязнаўчы музей” пачала работу выстаўка мастачкі Елізаветы Бутрыс

Выстаўка мае назву “Пункт гледжання”. 

Елізавета ўпершыню пазнаёмілася з Івацэвічамі ў мінулым годзе, калі ўдзельнічала ў праекце «Арт Лакацыя», які быў прымеркаваны да 500-годдзя г. Івацэвічы.
Маладая мастачка скончыла Мінскую дзяржаўную гімназію-каледж мастацтваў і Беларускую дзяржаўную Акадэмію мастацтваў, дзе навучалася манументальна-дэкаратыўнаму мастацтву, у тым ліку засвойвала разнастайныя тэхнікі напісання ікон.
Нездрама выстаўка носіць менавіта такую назву, бо ўсе работы, прадстаўленыя на ёй, з’яўляюцца асабістым поглядам мастачкі на навакольны свет.
Аб тым, што яе натхняе, хто з’яўляецца яе галоўнай музай, пра любоў да мастацтва і свой шлях у ім Елізавета Бутрыс расказала на адкрыцці выстаўкі наведвальнікам, у ліку якіх навучэнцы мастацкага аддзялення Дзіцячай школы мастацтваў г. Івацэвічы. Яна спынілася на кожным творы, расказала пра тэхніку стварэння. І зазначыла, што цяпер вельмі цэнніца шчырасць. І калі ты шчырасць уклаў у свой твор, то ён абавязкова знойдзе сваю аўдыторыю.
Гэта першая выстаўка мастачкі, і Елізавета вельмі радая, што ладзіцца яна менавіта ў Івацэвічах. У падарунак музею мастачка перадала ікону святога Мікалая.


Натхніцца сучасным мастацтвам і наведаць выстаўку можна ў Івацэвіцкім гісторыка-краязнаўчым музеі да канца верасня.
Ганна Ільяшэвіч, фота аўтара.