Рабочыя зялёнага будаўніцтва ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» – лепшыя на конкурсе прафмайстэрства

Рабочыя зялёнага будаўніцтва ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» удала выступілі на конкурсе прафесійнага майстэрства і атрымалі дыпломы адразу ў дзвюх намінацыях. Наша кветкавая кампазіцыя плошчай у 18 квадратаў у форме знака «бясконцасць» гэтак жа бясконца пакарыла журы.

Напрыканцы жніўня 15 каманд з усёй вобласці прыехалі ў аг. Дзівін (Кобрынскі раён) з самымі смелымі ідэямі і распрацоўкамі. Бо тут важна было паказаць свой прафесійны і творчы максімум, а яшчэ дапамагчы ва ўпрыгожванні аграгарадка да абласных «Дажынак».
Наша каманда, нязменны прызёр конкурсу, зрабіла стаўку на класіку і не прагадала.
– У нас была класічная кветкавая кампазіцыя, – расказвае майстар зялёнага будаўніцтва Кацярына Саевец. – Разам з камандай мы некалькі тыдняў працавалі над эскізам, і ўсе сышліся на адным: не адцягваць увагу ад кветак ніякімі архітэктурнымі формамі. Пяць гадзін мы працавалі над кампазіцыяй з нуля: нашы мужчыны ўскопвалі клумбу, распрацоўвалі зямлю, пасля я малявала контуры будучай кампазіцыі, а жанчыны-супрацоўніцы высаджвалі кветкі. На нашу «бясконцасць» пайшла амаль тысяча кветкавай расады і каля 150 кілаграм жоўтага і белага друзу. Кампазіцыю на гэты раз склалі з аксамітак, цынерарый, бягоній, расходніку (очитка), агератума, дапоўніла карцінку і дэкаратыўная капуста.
Чырвоны, белы, жоўты, аранжавы, фіялетавы – здаецца, усімі колерамі вясёлкі «ззяла» наша «бясконцасць» у Дзівіне. Таму прыз у намінацыі «За лепшую кветкавую кампазіцыю» наш! Акрамя гэтага, на конкурсе віталі самага маладога і старшага работніка зялёнага будаўніцтва. Прыз у намінацыі «За адданасць і вернасць прафесіі» атрымаў наш Уладзімір Шчур. У свае 60 гадоў ён прымае актыўны ўдзел у творчым конкурсе. Уладзімір Уладзіміравіч больш за дваццаць гадоў працуе ў камунальнай гаспадарцы, і амаль столькі ж разоў ён удзельнічаў у падобным спаборніцтве.

Наталля ГЕРБЕДЗЬ,
фота з архіва
ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ».