100 кг грыбоў за дзень

Накіроўваючыся ў Бабровічы, не маглі абмінуць надворак гаспадароў Тамары Мікалаеўны і Мікалая Мікалаевіча Кармановічаў з Вулькі-Целяханскай, якія як раз вярнуліся з чарговай грыбной «вылазкі» ў лес.
У кошыках, скрынях, пакетах – прыгожыя баравікі, адзін да аднаго, з шакаладнымі капялюшыкамі і белымі моцнымі ножкамі. Нас вельмі зацікавіў і грыбны «ўлоў», і машына, на якой было прывезена гэтае багацце. Сям’я Кармановічаў у грыбной справе – людзі дасведчаныя, кожны год здаюць лясныя дары ў нарыхтоўчыя пункты Івацэвіцкага райста – і маюць добрыя грошы.
– Сёлета грыбны сезон пачаўся крышку раней, пачалі хадзіць у лес у канцы жніўня, звычайна ў пачатку верасня сезон распачынаецца. Вось каб учора прыехалі да нас, то ўбачылі б яшчэ болей баравікоў – 100 кілаграм за дзень набралі. У сем гадзін раніцы паехалі, у абед ужо ў хаце былі. Месцы грыбныя ведаем, паблізу іх шмат, – дзеліцца Тамара Мікалаеўна.
А Мікалай Мікалаевіч згадвае, што раней, калі не было яшчэ ў сям’і аўтамабіля, паехалі яны з жонкай на веласіпедах, знайшлі грыбную паляну, нарэзалі столькі іх, што нельга было на веласіпедах давезці. То Мікалай Мікалаевіч вымушаны быў вярнуцца дамоў на веласіпедзе, а за грыбамі і жонкай вяртацца на трактары. Дагэтуль ёсць у сямейным альбоме фотаздымак, дзе на двух разасланых пакрывалах ледзь умясціліся шчодрыя лясныя дары.